Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Святы Айцец зрабіў ахвяраванне на барацьбу з голадам у Лесота
Святы Айцец
08.08.2016 21:14

Папа Францішак ахвяраў 400 тыс. долараў на дапамогу галадаючым жыхарам Лесота (Паўднёвая Афрыка), дзе па прычыне засухі загінула амаль палова ўраджаю збожжа.

Аб дары Пантыфіка праінфармаваў караля Лесота Летсіе ІІІ новы Апостальскі Нунцый у гэтай краіне арцыбіскуп Пітэр Браян Уэлс. Падчас уручэння даверчых грамат 4 жніўня ватыканскі дыпламат падкрэсліў, што жэст Святога Айца з’яўляецца «знакам яго любові да бедных і выкінутых на ўзбочыну».

Прадстаўнік Святога Пасаду заўважыў, што дар мае выключны характар, паколькі Папа ніколі не перадае грошы дзяржаўным уладам. Звычайна дапамога аказваецца каталіцкім дабрачынным арганізацыям, якія дзейнічаюць на ахопленых няшчасцямі тэрыторыях. Нунцый дадаў, што за належным выкарыстаннем сродкаў будзе ажыцяўляцца кантроль.

У сярэдзіне ліпеня з заклікам аб дапамозе насельніцтву Лесота выступіла Арганізацыя Аб’яднаных Нацый. «Лесота знаходзіцца на парозе самага лютага ў сваёй гісторыі харчовага крызісу, каля 400 тыс. чалавек патрабуюць неадкладнай харчовай дапамогі», — адзначалася ў звароце намесніка генсека арганізацыі Джона Холмса.

Па даных ААН, ураджай збожжа сёлета знізіўся да 72 тыс. тон з 126,2 тыс. тон у мінулым годзе, пры мінімальнай патрэбе ў 300 тыс. тон. Лесота афіцыйна звярнулася ў ААН за гуманітарнай дапамогай 10 ліпеня.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.