Пантыфік моліцца за ахвяр шторму ў Мексіцы |
Святы Айцец
|
09.08.2016 18:02 |
Пасля моцнага шторму ў Мексіцы, смяротнымі ахвярамі якога, паводле паведамленняў СМІ, сталі па меншай меры 45 чалавек, Папа Францішак засведчыў сваё спачуванне і салідарнасць.
Святы Айцец моліцца за загінулых і выказвае сваю блізкасць іх сем’ям і пацярпелым, гаворыцца ў тэлеграме за подпісам Дзяржсакратара Папы кардынала П’етро Параліна мексіканскаму епіскапату. Пантыфік просіць у Бога сіл для ўрада і народа і выказвае надзею на міжнародную салідарнасць.
Шторм, які абрынуўся на ўсход краіны, прывёў да шматлікіх апоўзняў і паводак. Пад пластом гразі і зямлі знаходзяцца жылыя дамы, у якіх могуць быць людзі. Дакладная колькасць зніклых без звестак пакуль не вядома. Часцей за ўсё гінулі жыхары аддаленых раёнаў краіны, калі іх дамы накрывалі патокі вады і зямлі. Сярод ахвяр шмат дзяцей. Улады краіны разгарнулі шырокую выратавальную аперацыю, у якой удзельнічаюць сотні салдат і ратавальнікаў.
Трапічны шторм «Эрл» спачатку абрынуўся на Беліз, пасля — на Гаіці і Дамініканскую Рэспубліку. На захад Мексікі паралельна прыйшоў ураган «Хаўер».
Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё
|