Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Папа Францішак запрасіў на абед сірыйскіх бежанцаў
Святы Айцец
12.08.2016 13:50

Папа Францішак паабедаў з групай сірыйскіх бежанцаў, якім некалькі месяцаў таму дапамог перабрацца з грэчаскага вострава Лесбас у Рым. Абед адбыўся 10 жніўня ў Доме св. Марты — ватыканскай рэзідэнцыі Пантыфіка.

Бежанцы мелі магчымасць распавесці Папу пра досвед першых месяцаў пражывання ў Італіі. Дзеці падарылі Пантыфіку свае малюнкі, а Святы Айцец аддзячыў ім цацкамі і іншымі падарункамі, распавёў кіраўнік Прэс-службы Апостальскай Сталіцы Грэг Бёрк.

Бежанцы — 21 чалавек — трапілі ў Рым дзякуючы асабістай ініцыятыве Папы Францішка. Першая група з 12 чалавек прыбыла разам з Папам 16 красавіка 2016 г., а другая — 18 чэрвеня — дзякуючы гуманітарнаму калідору, арганізаванаму каталіцкай дабрачыннай «Супольнасцю св. Эгідзія». Апостальская Сталіца займаецца фінансаваннем іх пражывання і дапамагае ў пошуку працы і інтэграцыі ў італьянскае грамадства.

На абедзе прысутнічалі таксама субстытут Дзяржсакратарыяту арцыбіскуп Анджэло Бэчу, заснавальнік «Супольнасці св. Эгідзія» прафесар Андрэа Рыкардзі і некалькі членаў гэтага аб’яднання, камандуючы корпусам Ватыканскай жандармерыі Даменіко Джані і два жандармы, якія дапамагалі даставіць сем’і бежанцаў з Лесбаса ў Рым.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.