Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Пантыфік моліцца за спачылага ірландскага біскупа Эдварда Дэйлі
Святы Айцец
12.08.2016 14:10

Папа Францішак быў глыбока засмучаны навіной пра смерць біскупа Эдварда Кэвіна Дэйлі — сімвалічнай постаці часоў паўночнаірландскага канфлікту. Іерарх адышоў у вечнасць 8 жніўня ў 82-гадовым узросце пасля працяглай хваробы.

Пахавальная Імша адбылася 11 жніўня ў катэдральным касцёле св. Яўгена ў Дэры. На пачатку развітальнай літургіі прадстаўнік Апостальскай Нунцыятуры ў Ірландыі зачытаў спецыяльнае пасланне Пантыфіка.

Святы Айцец выказаў сардэчныя спачуванні родным памерлага, духавенству, кансэкраваным асобам і свецкім вернікам дыяцэзіі Дэры, пастырам якой іерарх быў у 1974-1994 гг. Памятаючы пра яго «шчырае і адданае біскупскае служэнне на карысць міру і справядлівасці», Папа запэўніў у малітве падзякі за жыццё памерлага і даверыў яго душу міласэрнай любові Нябеснага Айца. Усім, хто смуткуе з прычыны смерці біскупа Дэйлі, Пантыфік удзяляе «апостальскае благаслаўленне, у якасці закладу надзеі і суцяшэння нашага Пана Езуса Хрыста», гаворыцца ў спецыяльным лісце.

Біскуп Эдвард Дэйлі стаў адным з сімвалаў так званай «Крывавай нядзелі» ў Дэры, калі ў 1972 г. англійскія дэсантнікі расстралялі 14 мірных дэманстрантаў, уключаючы непаўналетніх і святара. Увесь свет тады абляцелі кадры, на якіх біскуп Дэйлі — у той час пробашч мясцовай катэдры — бег з белай акрываўленай хусткай, закрываючы сабой групу дэманcтрантаў, якія неслі параненага.

Падчас пахавальнай Імшы біскуп Дональд Маккеаўн узгадаў памерлага як «узорнага святара на службе Богу і людзям, які імкнуўся прапаведаваць Евангелле міру ў складаныя часы і быў заўсёды адкрыты для іншых».

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.