12 жніўня — у чарговую «Пятніцу міласэрнасці» — Папа Францішак наведаў рымскі цэнтр «Супольнасці Папы Яна XXIII», дзе сустрэўся з 20 жанчынамі, вызваленымі ад рабства прастытуцыі.
У гэтай структуры, заснаванай у 60-я гады ХХ стагоддзя італьянскім святаром кс. Арэстэ Бэнцы, пражываюць сем нігерыек, шэсць румынак, чатыры албанкі, па адной жанчыне з Туніса, Італіі і Украіны. Іх сярэдні ўзрост — каля 30 гадоў. Усе яны падвяргаліся цяжкаму фізічнаму гвалту і знаходзяцца пад абаронай.
Святога Айца ў цэнтры прывіталі, акрамя саміх жанчын, генеральны настаяцель Супольнасці Яна XXIII Паоло Рамонда, духоўны памочнік кс. Альдо Бонаюта, два супрацоўнікі і дырэктар філіяла цэнтра ў паўночнай частцы Рыма.
Візіт Папы стаў яшчэ адным заклікам да сумлення людзей, да барацьбы з гандлем людзьмі, што Пантыфік неаднаразова называў «злачынствам супраць чалавечнасці» і «ранай на целе сучаснага чалавецтва, на Хрыстовым Целе», гаворыцца ў паведамленні Прэс-службы Апостальскай Сталіцы.
Гэты жэст Папы ўпісваецца ў ранейшыя візіты ў рамках «Пятніц міласэрнасці», якія Пантыфік здзяйсняе ў кантэксце Надзвычайнага Юбілею Міласэрнасці. Сёлета Святы Айцец пачаў гэтую ініцыятыву ў студзені з візіту ў дом апекі для састарэлых і невылечна хворых у Тор Спаката, у лютым наведаў супольнасць для былых наркаманаў у Кастэль Гандольфа, у сакавіку ў Вялікую пятніцу адправіўся ў Цэнтр прыёму бежанцаў у Кастэльнуова-дзі-Порта, у красавіку наведаў бежанцаў і мігрантаў на грэчаскім востраве Лесбас, у маі — супольнасць «Chicco» для людзей з цяжкай формай разумовай адсталасці ў Чампіна, у чэрвені — дзве рымскія супольнасці для пажылых і хворых святароў.
29 ліпеня ў ходзе свайго візіту ў Польшчу Папа здзейсніў «маўклівы» візіт у былы канцэнтрацыйны лагер «Аўшвіц-Біркенаў», затым наведаў хворых дзяцей у кракаўскай дзіцячай бальніцы, а ў канцы дня правёў Крыжовы шлях з удзельнікамі Сусветных дзён моладзі, між іншым, маладымі іракцамі, сірыйцамі і іншымі асобамі з тэрыторый, на якіх працягваюцца войны і канфлікты.
Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё
|