Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Агучаны падрабязнасці візіту Святога Айца ў Швецыю
Святы Айцец
16.08.2016 15:09

У Жэневе агучылі падрабязнасці візіту Папы Францішка ў Швецыю, дзе Пантыфік прыме ўдзел у мерапрыемствах, звязаных з успамінам 500-годдзя Рэфармацыі. Яны пройдуць 31 кастрычніка ў гарадах Лунд і Мальмё.

Набажэнства ў Лундзе пачнецца каля поўдня і будзе складацца з дзвюх частак. Асновай стане экуменічны даклад «Ад канфлікту да супольнасці — аб’яднаныя ў надзеі», які Святы Пасад і Сусветная лютэранская федэрацыя апублікавалі ў 2013 г. Католікі і лютэране сумесна падрыхтавалі экуменічнае набажэнства менавіта на падставе думак, агучаных у ім. Аб гэтым паведаміў 15 жніўня на спецыяльнай прэс-канферэнцыі Генеральны сакратар Сусветнай лютэранскай федэрацыі святар Марцін Юнге.

Адначасова са святкаваннем у Лундзе будзе праходзіць буйная падзея на «Мальмё-Арэне» з удзелам 10 тыс. вернікаў, якія будуць назіраць за набажэнствам з удзелам Папы ў прамым эфіры. Затым Пантыфік, а таксама старшыня і Генеральны сакратар Сусветнай лютэранскай федэрацыі — адпаведна, епіскап Муніб Юнан і святар Марцін Юнге, — прыбудуць на Арэну ў Мальмё. Тут павінна быць падкрэслена імкненне да агульнага сведчання і служэння католікаў і лютэран у свеце, у прыватнасці, праз сумесныя праекты ў галіне дапамогі бежанцам.

Набажэнства ў саборы Лунда, як паведаміў на прэс-канферэнцыі прадстаўнік лютэранскай федэрацыі, будзе трансліраваць шведскае тэлебачанне і іншыя тэлевізійныя станцыі ва ўсім свеце. Плануецца таксама інтэрнэт-трансляцыя.

Па словах Генеральнага сакратара Сусветнай лютэранскай федэрацыі, гэты лютэранска-каталіцкі ўспамін Рэфармацыі з’яўляецца выдатнай магчымасцю «выказаць нашу агульную надзею на Хрыста», і ў свеце, дзе «многія гутаркі былі спынены», гэта стане сведчаннем «важнасці дыялогу».

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.