«Гандаль людзьмі, органамі, прымусовая праца, прастытуцыя — усё гэта сучаснае рабства і злачынствы супраць чалавечнасці», — нагадаў Папа Францішак 23 жніўня праз свой профіль у сацыяльнай сетцы «Twitter».
Паведамленне Святога Айца было прымеркавана да Міжнароднага дня памяці ахвяр гандлю рабамі і яго ліквідацыі.
Апостальская Сталіца прыкладае велізарныя намаганні ў барацьбе з гандлем людзьмі. У чэрвені 2016 г. у Папскай акадэміі навук у Ватыкане адбыўся міжнародны саміт супраць сучаснага рабства. У ім прымалі ўдзел 150 прадстаўнікоў судовых органаў і палітыкаў з усяго свету, якія ўдзельнічаюць у сваіх краінах у барацьбе з гэтым феноменам.
Звяртаючыся да іх, Святы Айцец падкрэсліваў, што неабходна актывізаваць супрацоўніцтва рэлігійных лідараў, палітыкаў, грамадскіх і гуманітарных арганізацый для барацьбы супраць усіх форм рабства і гандлю людзьмі. Пантыфік адзначаў, што менавіта з гэтага трэба пачынаць будаваць лепшы свет. Папа лічыць, што Касцёл павінен удзельнічаць у палітыцы, асабліва вышэйшага парадку, бо яна, як казаў Павел VI, з’яўляецца вышэйшай формай любові.
Выкараненне такіх агідных з’яў, як новыя формы рабства, гандаль людзьмі, арганізаваная злачыннасць, незаконны абарот наркотыкаў і органаў, прастытуцыя, дзіцячая праца і выкарыстанне дзяцей у якасці салдат ва ўзброеных канфліктах, паводле слоў Святога Айца, залежыць ад перамогі над «глабалізацыяй абыякавасці», якая ахапіла свет.
Міжнародны дзень памяці ахвяр гандлю рабамі і яго ліквідацыі адзначаецца штогадова з 1998 г. На 150-й сесіі выканаўчай рады ЮНЕСКА было рэкамендавана святкаваць гэтую дату ў памяць аб паўстанні рабоў Сан-Дамінга і Гаіці, якое адбылося 23 жніўня 1791 г.
Паводле інфармацыі Міжнароднай арганізацыі працы, на сённяшні дзень каля 21 млн. чалавек у свеце з’яўляюцца ахвярамі прымусовай працы. У 2010 г. Генеральная асамблея ААН прыняла Глабальны план дзеянняў па барацьбе з гандлем людзьмі, заклікаўшы ўрады ва ўсім свеце прыняць скаардынаваныя і паслядоўныя меры, каб перамагчы гэтае зло.
Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё
|