Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Папа Францішак правёў малітву за ахвяр землятрусу ў Італіі
Святы Айцец
24.08.2016 13:40

Падчас агульнай аўдыенцыі ў Ватыкане 24 жніўня замест традыцыйнай катэхезы Папа Францішак правёў ружанцовую малітву ў інтэнцыі ахвяр моцнага землятрусу, які адбыўся ноччу ў цэнтральнай Італіі.

«Я падрыхтаваў сённяшнюю катэхезу, на тэму блізкасці Езуса, як і кожную сераду гэтага Года Міласэрнасці. Але перад навінамі аб землятрусе, які адбыўся ў цэнтральнай Італіі, разбурыўшы цэлыя раёны і пакінуўшы загінуўшых і параненых, не магу не выразіць свой глыбокі смутак і блізкасць усім прысутным у месцах, якія пацярпелі, усім, хто згубіў сваіх блізкіх і хто яшчэ прабывае ў стане шоку, напужаны і спалоханы», — сказаў Папа.

Святы Айцец прызнаўся, што быў глыбока засмучаны тым фактам, што сярод загінулых ёсць дзеці. Пантыфік запэўніў жыхароў пацярпелых ад землятрусу тэрыторый у блізкасці Касцёла.

«Дзякуючы ўсім валанцёрам і супрацоўнікам Грамадзянскай абароны, якія аказваюць дапамогу гэтым людзям, прашу вас далучыцца да мяне ў малітве, каб Пан Езус, які заўсёды чулы да пакутаў людзей, суцешыў гэтыя засмучаныя сэрцы і адарыў іх спакоем праз заступніцтва Найсвяцейшай Панны Марыі», — сказаў Папа.

Пантыфік адзначыў, што з катэхезай звярнецца да вернікаў у наступную сераду. Разам з прысутнымі на плошчы св. Пятра Папа памаліўся на ружанцы і ўдзяліў сабраным сваё благаслаўленне.

Землятрус магнітудай 6,0 па шкале Рыхтэра адбыўся ноччу 24 жніўня на мяжы рэгіёнаў Лацыё і Умбрыя. Найбольш пацярпелі населеныя пункты Акумолі, Аматрычэ і Аркуата-дэль-Тронто. Паводле папярэдніх даных, загінула прынамсі 22 чалавекі і каля 100 атрымалі раненні. Гэтыя лічбы могуць быць значна большымі, паколькі мноства людзей працягвае знаходзіцца пад заваламі.

Беларуская рэдакцыя Ватыканскага радыё

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.