Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Папа Францішак напісаў прадмову да біяграфіі Бэнэдыкта XVI
Святы Айцец
25.08.2016 14:36

Касцёл мае «вялікі доўг удзячнасці перад Ёзэфам Ратцынгерам — Бэнэдыктам XVI — за глыбіню і раўнавагу яго тэалагічнай думкі», якая заўсёды знаходзілася на службе Касцёлу, напісаў Папа Францішак у прадмове да біяграфіі свайго папярэдніка на пасадзе Біскупа Рыма.

Аўтар кнігі, якая выйдзе пад назвай «Слуга Бога і чалавецтва», — італьянскі тэолаг і пісьменнік Эліо Гуэр’ера.

Папа Францішак падкрэсліў, што ўклад веры і культуры Бэнэдыкта XVI у вучэнне Касцёла здольны «адказаць на чаканні нашага часу» і «асабліва на працягу апошніх трох дзесяцігоддзяў быў фундаментальным». Па словах Пантыфіка, «адвага і рашучасць» Папы на пенсіі перад абліччам цяжкіх сітуацый указала, як на іх трэба адказваць: «з пакорай і праўдай, у духу абнаўлення і ачышчэння». «У гэтыя першыя гады майго пантыфікату мая духоўная лучнасць з ім застаецца асабліва глыбокай», — прызнаўся Папа Францішак.

Як дадаў Святы Айцец, «ціхая прысутнасць» і малітва Бэнэдыкта XVI за Касцёл з’яўляецца «падтрымкай і пастаянным умацаваннем» для яго служэння. Пантыфік нагадаў, як падчас развітання з кардыналамі 28 лютага 2013 г. Бэнэдыкт XVI паабяцаў сваю «безумоўную пашану і паслухмянасць» будучаму Папу.

«Тады я не мог ведаць, што гэтыя словы скіраваны да мяне. Але падчас усіх сустрэч з ім я мог адчуць не толькі яго пашану і паслухмянасць, але і сардэчную духоўную блізкасць, радасць супольнай малітвы, шчырае братэрства, разуменне і сяброўства, а таксама гатоўнасць дапамагчы парадай», — заўважыў Святы Айцец.

«Я быў вельмі ўдзячны Бэнэдыкту XVI за тое, што ён пажадаў прыняць удзел у адкрыцці Юбілею Міласэрнасці і прайшоў праз Святыя Дзверы адразу пасля мяне. Яго нядаўнія выказванні, у якіх ён назваў “знакамі часу” тое, што “ідэя аб Божай міласэрнасці становіцца ўсё больш цэнтральнай і дамінуючай” і што “сучасны чалавек знаходзіцца ў чаканні міласэрнасці”, яшчэ раз і больш яскрава дэманструюць, наколькі міласэрная любоў Бога з’яўляецца аб’ядноўваючай ніццю апошніх пантыфікатаў, самым тэрміновым пасланнем, якое Касцёл, што выходзіць, нясе аж на перыферыі свету, пазначанага канфліктамі, несправядлівасцямі і пагардай да людзей», — напісаў Папа.

30 жніўня новая біяграфія Бэнэдыкта XVI з прадмовай Папы Францішка з’явіцца на паліцах італьянскіх кнігарняў.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.