Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Пантыфік памаліўся за ахвяр землятрусу ў Італіі разам з кляўзуровымі манахінямі
Святы Айцец
26.08.2016 14:44

Раніцай 25 жніўня група сясцёр кларысак з кляштара Санта-Марыя-дзі-Валеглорыя ў Спэла прыбыла на Эўхарыстыю, якую цэлебраваў Папа Францішак у Доме св. Марты.

У гаміліі Пантыфік заклікаў манахінь не шукаць нічога іншага, акрамя Божых дароў. Па словах Папы, «мы багатыя, як кажа св. Павел, усімі дарамі Пана», а праблемы пачынаюцца, «калі шукаем іншых багаццяў», па-за тымі, што паходзяць ад Бога.

Святы Айцец дадаў, што ў такім выпадку «губляецца шлях», напрыклад, «манаская супольнасць знаходзіцца ў заняпадку, калі пачынае прывязвацца да грошай». Тады, па словах Пантыфіка, губляецца багацце дароў Пана і стаўка робіцца на тое багацце, якім можна «распараджацца». Але «багацце дароў — бескарыслівае і прыходзіць, калі Ён гэтага хоча», дадаў Папа.

Святы Айцец таксама нагадаў манахіням пра важнасць хрысціянскага сведчання. «Вы з’яўляецеся кляўзуровымі сёстрамі і ніхто вас не бачыць, — сказаў Пантыфік і дадаў, што, аднак, людзі распазнаюць гэтае сведчанне: — Сваім жыццём і малітвай вы сееце жыццё Хрыста ў іншых». Паводле слоў Папы, сведчыць азначае казаць: «Я выбраў гэта і не патрабую іншых рэчаў».

Пантыфік адзначыў важнасць місіі кляўзуровых манаскіх супольнасцяў. «Людзі ведаюць, што тут ёсць кансэкраваныя жанчыны, якія моляцца, якія падтрымліваюць Касцёл сваімі малітвамі, і гэта з’яўляецца сведчаннем», — сказаў Папа.

Святы Айцец назваў манахінь сейбіткамі надзеі, паколькі яны з надзеяй чакаюць Езуса, на падабенства евангельскіх паннаў. Папа заклікаў іх не баяцца крыху «заснуць», падкрэсліўшы, што галоўнае — «мець алей надзеі, надзею на тое, што Ён прыйдзе».

Пантыфік нагадаў, што надзея з’яўляецца крыніцай радасці. «Цудоўна, калі бачыш радасную манахіню, з радасным тварам, а не смутным, “воцатным”. Сапраўды, Пан вас паклікаў да шчасця», — сказаў Папа.

Супольнасць сясцёр кларысак з кляштара Санта-Марыя-дзі-Валеглорыя ў Спэла моцна пацярпела ад землятрусу ў 1997 г. Будынак іх кляштара быў цалкам разбураны, і яны былі вымушаны жыць і маліцца ў намётах, а затым у кантэйнеры на тэрыторыі кляштарнага саду. Толькі праз 14 гадоў яны змаглі вярнуцца ў свае келлі.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.