Папа: Вызначыць новыя шляхі прапаведвання |
Святы Айцец |
30.08.2016 12:00 |
Па словах Святога Айца, «у такой рэальнасці, як еўрапейская, дзе пастаянна слабее сувязь з хрысціянскімі каранямі, ясна ззяе патрэба ў новай евангелізацыйнай дзейнасці». Гэтая місія, паводле Пантыфіка, павінна падтрымлівацца глыбокім перакананнем у тым, што пасланне Хрыста заўсёды здольнае абнаўляць жыццё людзей і цэлых супольнасцяў і не старэе нават праходзячы праз «цёмныя эпохі і касцёльныя слабасці». Святы Айцец пажадаў, каб сімпозіум, «з дапамогай разважанняў, прапанаваных выбітнымі дакладчыкамі і дзякуючы шчыраму і сардэчнаму абмену думкамі паміж каталіцкімі і праваслаўнымі даследчыкамі», мог умацаваць і вызначыць новыя шляхі, крэатыўныя метады і стыль прапаведвання, «адпаведныя для таго, каб абвяшчэнне Езуса Хрыста, ва ўсё сваёй прыгажосці, магло дасягнуць еўрапейскага чалавека». Папа Францішак скіраваў сваё пасланне на імя кардынала Курта Коха, старшыні Папскай рады спрыяння хрысціянскаму адзінству, які прадстаўляе на форуме Апостальскую Сталіцу. Міжхрысціянскі сімпозіум з’яўляецца ініцыятывай Папскага ўніверсітэта «Антоніанум» і факультэта праваслаўнай тэалогіі ўніверсітэта «Арытотэлес» у Салоніках і праходзіць штогадова. Тэма сёлетняга пасяджэння — «Патрэба ў рэевангелізацыі хрысціянскіх супольнасцяў у Еўропе». Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё, (MV) |