Святы Айцец прывітаў удзельнікаў кангрэсу «Renovabis» |
Святы Айцец |
31.08.2016 16:26 |
Папа Францішак прывітаў удзельнікаў ХХ Міжнароднага кангрэсу «Renovabis», які праходзіць з 30 жніўня па 2 верасня ў Фрайзінгу (Германія). У кангрэсе прымае ўдзел і беларуская дэлегацыя, якую ўзначальвае Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. Кангрэс прысвечаны ролі манаскіх супольнасцяў у грамадствах Цэнтральнай і Усходняй Еўропы. У склад беларускай дэлегацыі ўваходзяць прадстаўнікі розных мужчынскіх і жаночых манаскіх супольнасцяў: капуцынаў, салезіянаў, дамініканаў, назарэтанак, а таксама супрацоўнікі дабрачыннага каталіцкага таварыства «Caritas» і кіраўнікі каталіцкіх СМІ з Гродзенскай і Пінскай дыяцэзіі. У пасланні, скіраваным праз Дзяржаўнага Сакратара кардынала П’етро Параліна, Папа заклікаў удзельнікаў форуму быць «сведкамі Евангелля», што азначае пастаянна «знаходзіцца ў дарозе, як вучыць нас Езус». «Гэтае навучанне асабліва актуальнае для манахаў з місійных ордэнаў, члены якіх пакідаюць бяспеку Радзімы, каб ісці аж да краёў зямлі і несці людзям, праз прапаведванне і малітву, святло Евангелля», — дадаў Святы Айцец. |