Людзі пакліканы быць міласэрнымі да навакольнага асяроддзя, прызнаць і вызнаць грахі супраць прыроды і змяніць лад жыцця, адзначыў Папа Францішак у пасланні з нагоды Сусветнага дня малітвы аб ахове стварэння.
Дакумент быў апублікаваны 1 верасня ў Ватыкане. У ім Святы Айцец прапанаваў устанавіць «новы ўчынак міласэрнасці» — «клопат аб супольным доме».
«Вельмі падбадзёрвае, што турботы пра будучыню нашай планеты падзяляюцца Цэрквамі і хрысціянскімі супольнасцямі разам з іншымі рэлігіямі. Сапраўды, на працягу апошніх гадоў шматлікія ініцыятывы былі прадпрыняты рэлігійнымі ўладамі і арганізацыямі дзеля ўмацавання грамадскай думкі адносна небяспекі безадказнай эксплуатацыі планеты», — заўважыў Пантыфік.
«Хрысціяне і не толькі, людзі веры і добрай волі, павінны быць паяднаны ў дэманстрацыі міласэрнасці да нашага супольнага дому — зямлі — і цалкам ацаніць свет, у якім мы жывём, як месца дзялення і адзінства», — перакананы Святы Айцец.
Па словах Папы, «Бог нам падарыў квітнеючы сад, а мы яго ператварылі ў забруджанае месца развалін, пустыняў і смецця», таму нельга «апускаць рукі або быць абыякавымі да знішчэння біяразнастайнасці і разбурэння экасістэм, часта справакаваных нашымі безадказнымі і эгаістычнымі паводзінамі».
«Планета працягвае разагравацца, часткова па прычыне чалавечай дзейнасці: 2015 г. стаў самым спякотным у гісторыі, і, магчыма, 2016 г. будзе яшчэ горшым», — адзначыў Святы Айцец, дадаўшы, што гэта выклікае засухі, паводкі, пажары і ўсё больш экстрэмальныя метэрэалагічныя з’явы. «Кліматычныя змены ўмацоўваюць таксама балючы крызіс вымушаных мігрантаў. Бедныя гэтага свету, якія, аднак, найменш адказныя за кліматычныя змены, з’яўляюцца найбольш уразлівымі і ўжо адчуваюць іх наступствы», — падкрэсліў Пантыфік.
Згодна з вучэннем аб інтэгральнай экалогіі, «чалавечыя істоты глыбока злучаны паміж сабой і стварэннем у цэлым». «Калі кепска адносімся да прыроды, кепска адносімся да іншых людзей. У той жа час кожнае стварэнне мае сваю ўнутраную каштоўнасць, якая павінна паважацца», — напісаў Папа. «Пачуем “як вокліч зямлі, так і крык бедных”, і будзем намагацца глыбока зразумець, як можна даць адпаведны і своечасовы адказ», — заклікаў Пантыфік.
Па словах Папы, Бог «падарыў нам зямлю, каб “апрацоўвалі і даглядалі” яе з павагай і раўнавагай», і «апрацоўваць “празмерна”, што значыць блізарука і эгаістычна яе эксплуатаваць і мала даглядаць — гэта грэх».
Пантыфік адзначыў, што «перад абліччам таго, што адбываецца з нашым домам», Юбілей Міласэрнасці павінен заклікаць хрысціян да «глыбокага ўнутранага навяртання», асаблівым чынам падтрыманага сакрамэнтам пакаяння. «У гэтым Юбілейным Годзе навучымся шукаць Божай міласэрнасці за грахі супраць стварэння, якія да гэтага часу не ўмелі распазнаваць і вызнаваць. Возьмем на сябе абавязак здзяйснення канкрэтных крокаў на шляху экалагічнага навяртання, якое патрабуе яснага ўсведамлення нашай адказнасці перад намі самімі, бліжнім, стварэннем і Стварыцелем», — заклікаў Папа.
Першым крокам на гэтым шляху, паводле слоў Пантыфіка, заўсёды з’яўляецца рахунак сумлення: «мы можам звярнуцца да гэтага поўнага міласэрнасці і дабрыні Айца, які чакае вяртання кожнага свайго дзіцяці, прызнаючы нашы грахі перад стварэннем, беднымі і будучымі пакаленнямі». «Паколькі ўсе мы выклікаем маленькія экалагічныя шкоды», мы пакліканы прызнаць «нашу датычнасць, малую ці вялікую, да забруджвання і разбурэння навакольнага асяроддзя», і гэта першы крок на шляху да навяртання, напісаў Святы Айцец.
Папа нагадаў, што ў 2000 г., які таксама быў Юбілейным, «святы Ян Павел ІІ заклікаў католікаў да пакаяння за рэлігійную нецярпімасць у мінулым і сёння, а таксама за несправядлівасці, учыненыя ў адносінах да яўрэяў, жанчын, індзейскіх народаў, эмігрантаў, бедных і ненароджаных дзяцей». «У гэты Надзвычайны Юбілей Міласэрнасці заклікаю ўсіх зрабіць тое самае. Як адзінкі, схільныя да ладаў жыцця, выкліканых кепска зразуметай культурай дабрабыту або “неўпарадкаваным жаданнем спажываць больш за тое, у чым мы па-сапраўднаму маем патрэбу”, і як удзельнікі сістэмы, “якая навязала логіку прыбытку любым коштам, без увагі на сацыяльнае выключэнне ці знішчэнне прыроды”, шкадуем за зло, якое чынім нашаму супольнаму дому», — падкрэсліў Пантыфік.
Рахунак сумлення, пакаянне і споведзь перад багатым міласэрнасцю Айцом вядуць, па словах Папы, да рашучага пастанаўлення змяніць сваё жыццё. «Яно павінна выявіцца ў больш паважлівых да стварэння канкрэтных паводзінах і паставах, як, напрыклад, у разумным выкарыстанні пластыку і паперы, ашчадным ужыванні вады, ежы і электраэнергіі, дыферэнцыяцыі адыходаў, клопаце пра іншых жывых істотаў, карыстанні грамадскім транспартам, супольным карыстанні адным аўтамабілем некалькімі асобамі і гэтак далей. Мы не павінны думаць, што гэтыя намаганні вельмі малыя для паляпшэння свету», — адзначыў Святы Айцец.
Пастанаўленне змяніць жыццё павінна ахопліваць, па словах Пантыфіка, тое, якім чынам робім уклад у будаванне культуры і грамадства, да якіх належым. «Эканоміка і палітыка, грамадства і культура не могуць дамінавацца кароткатэрміновай ментальнасцю ці пошукам хуткай фінансавай ці выбарчай выгады. Яны павінны быць тэрмінова пераарыентаваны ў напрамку супольнага дабра, які прадугледжвае ўстойлівасць і клопат аб стварэнні», — напісаў Папа.
Канкрэтным выпадкам Святы Айцец назваў «экалагічную пазыку» паміж Поўначчу і Поўднем свету. «Яе вяртанне патрабавала б клопату аб навакольным асяроддзі найбольш бедных краін праз прадастаўленне ім фінансавых рэсурсаў і тэхнічнай падтрымкі, што дапаможа ім у барацьбе з кліматычнымі зменамі і спрыянні ўстойліваму развіццю», — адзначыў Пантыфік.
Па прычыне змен у нашым глабалізаваным свеце, дадаў Папа, павялічылася рознага кшталту матэрыяльная і духоўная беднасць. «Хрысціянскае жыццё ўключае ў сябе традыцыйныя ўчынкі міласэрнасці для цела і для душы бліжняга. Звычайна мы думаем пра кожны ўчынак міласэрнасці паасобку або ў лучнасці з якой-небудзь ініцыятывай: шпіталямі для хворых, сталоўкамі для галодных, прытулкамі для бяздомных, школамі для патрабуючых вучобы, канфесіяналамі і духоўным кіраўніцтвам для патрабуючых рады і прабачэння... Але калі паглядзім на іх разам, пасланне заключаецца ў тым, што аб’ектам міласэрнасці з’яўляецца само чалавечае жыццё ў сваёй паўнаце», — напісаў Святы Айцец.
«Канешне, чалавечае жыццё ў сваёй паўнаце прадугледжвае клопат аб супольным доме. Такім чынам, дазволю прапанаваць дапоўніць два традыцыйныя спісы ўчынкаў міласэрнасці, дадаючы да кожнага з іх клопат аб супольным доме», — адзначыў Пантыфік.
Святы Айцец патлумачыў, што як учынак міласэрнасці для душы бліжняга, клопат аб супольным доме патрабуе «ўдзячнага сузірання свету», якое «дазволіць нам адкрыць праз кожную рэч пэўнае павучанне, якое Бог нам жадае перадаць». Як учынак міласэрнасці для цела бліжняга, клопат аб супольным доме патрабуе «простых штодзённых жэстаў, якія ламаюць логіку насілля, эксплуатацыі, эгаізму і праяўляюцца ва ўсіх дзеяннях, якія спрыяюць будаванню лепшага свету», дадаў Папа.
Сваё пасланне Пантыфік завяршыў словамі малітвы за ахвяр кліматычных зменаў, а таксама за тое, каб хрысціяне былі прыладамі любові Бога і, атрымаўшы Яго прабачэнне, маглі несці міласэрнасць па ўсёй зямлі — «па ўсім нашым супольным доме».
Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё
|