Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Пантыфік рады ўсталяванню міру ў Калумбіі
Святы Айцец
02.09.2016 16:04

Папа Францішак з радасцю прыняў навіну аб заканчэнні перамоваў паміж калумбійскім урадам і левай арганізацыяй «Рэвалюцыйныя ўзброеныя сілы Калумбіі» пасля «інтэнсіўнага працэсу, які адбываўся цягам некалькіх апошніх гадоў».

«Святы Айцец выказаў падтрымку імкненню да пошуку згоды і прымірэння ўсяго калумбійскага народа, “у святле правоў чалавека і хрысціянскіх каштоўнасцяў, якія знаходзяцца ў цэнтры лацінаамерыканскай культуры”», — гаворыцца ў спецыяльным паведамленні Дзяржсакратарыяту, якое было апублікавана 31 жніўня.

У дакуменце адзначаецца таксама, што 12 жніўня ўдзельнікі перамоваў скіравалі да Папы Францішка просьбу аб прызначэнні прадстаўніка, які б мог прыняць удзел у працы камісіі па выбары суддзяў для спецыяльнага трыбунала, які будзе дзейнічаць з мэтай прымірэння ў краіне.

«Аднак, улічваючы паўсюднае пакліканне Касцёла і місію Наступніка Пятра як пастыра Божага народа, было б лепей, каб гэтае заданне было даверана іншым органам», — гаворыцца ў паведамленні Апостальскай Сталіцы.

Папа Францішак даверыў «мірны працэс у Калумбіі матчынай абароне Маці Божай, Каралевы супакою, і просіць аб дары Святога Духа, каб асвяціў сэрцы і думкі тых, хто пакліканы будаваць супольнае дабро калумбійскага народа».

Мірнае пагадненне паміж калумбійскім урадам і «Рэвалюцыйнымі ўзброенымі сіламі Калумбіі» было дасягнута пасля чатырох гадоў перамоваў, якія праводзіліся на Кубе.

Канфлікт паміж імі працягваўся 52 гады. У яго выніку загінула 220 тыс. чалавек. Паводле ўмоваў пагаднення, паўстанцы абавязаліся скласці зброю і дабівацца сваіх мэтаў законнымі палітычнымі метадамі.

Афіцыйнае падпісанне гэтай дамовы пройдзе ў сярэдзіне верасня. Яе ратыфікацыя будзе здзяйсняцца па выніках усенароднага рэферэндума, запланаванага на 2 кастрычніка.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

(MV)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.