Папа прыняў на аўдыенцыі футбалістаў клубаў «Рома» і «Атлетыка Сан-Ларэнса-дэ-Альмагра» |
Святы Айцец |
02.09.2016 17:04 |
2 верасня ў Клементыйскай Зале Апостальскага палаца Ватыкана Святы Айцец прыняў на аўдыенцыі футбалістаў італьянскага клуба «Рома» і аргенцінскага «Атлетыка Сан-Ларэнса-дэ-Альмагра», даўнім заўзятарам якога з’яўляецца.
3 верасня гэтыя каманды сыграюць таварыскі матч на рымскім алімпійскім стадыёне. Ён будзе прымеркаваны да Года Міласэрнасці і арганізаваны ў супрацоўніцтве з Папскай радай па новай евангелізацыі. Грошы, выручаныя ад продажу ўваходных білетаў на матч, будуць накіраваны на дапамогу ахвярам землятрусу ў цэнтральнай Італіі. Папа Францішак падзякаваў спартсменам і кіраўніцтву клубаў за гэты канкрэтны жэст салідарнасці з пацярпелымі ад стыхіі і прывітаў кожнага футбаліста асобна. Матч «Ромы» супраць «Атлетыка Сан-Ларэнса-дэ-Альмагра» стане кульмінацыяй спартыўнага свята для сем’яў, арганізаванага камандамі ў рамках Юбілею. Лагатып Года Міласэрнасці будзе змешчаны і на форме спартсменаў. Клуб першага дывізіёна з Буэнас-Айрэса – «Атлетыка Сан-Ларэнса-дэ-Альмагра» – заснаваў каталіцкі святар Ларэнца Маса на пачатку XX стагоддзя, стварыўшы на заднім двары касцёла ў раёне Флорэс-Альмагра спартыўную пляцоўку. У 2015 г. гэтая каманда выйграла Суперкубак Аргенціны. Будучы арцыбіскупам Буэнас-Айрэса, Папа Францішак меў картку заўзятара гэтага клуба. Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё (MV) |