Папа Францішак: Да «рэвалюцыі пяшчотнасці» праз прыклад Маці Тэрэзы |
Святы Айцец
|
03.09.2016 18:17 |
Папа Францішак звярнуўся з пасланнем да ўдзельнікаў міжнароднага сімпозіума, прысвечанага постаці Маці Тэрэзы з Калькуты, арганізаванага ў Рыме інфармацыйным агенцтвам «Asianews».
У пасланні, скіраваным праз свайго Дзяржаўнага Сакратара кардынала П’етро Параліна, Пантыфік адзначыў, што прыклад Маці Тэрэзы, як прывілеяванай сведкі любові і шчодрай увагі да бедных, павінен дапамагчы ўсё больш ставіць Хрыста ў цэнтр жыцця і жыць Евангеллем, «пастаянна здзейсняючы ўчынкі міласэрнасці», каб быць «будаўнікамі лепшай будучыні, асвечанай ззяннем Праўды».
Святы Айцец запэўніў удзельнікаў форуму ў малітве, каб усе, хто наследуе апостальскі запал Маці Тэрэзы, маглі паспрыяць «рэвалюцыі пяшчотнасці, якую пачаў Езус Хрыстус сваёй любоўю і адданнем перавагі малым».
Міжнародны сімпозіум на тэму «Маці Тэрэза — Міласэрнасць для Азіі і свету» праходзіў 2 верасня ў Папскім універсітэце «Урбаніянум».
Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё
|