Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Маці Тэрэза з Калькуты — святая
Святы Айцец
04.09.2016 18:02

4 верасня падчас урачыстай Эўхарыстыі на плошчы св. Пятра Папа Францішак кананізаваў Маці Тэрэзу з Калькуты — заснавальніцу Кангрэгацыі Сясцёр Місіянерак Божай Любові.

Гэтая падзея стала кульмінацыяй сусветнай сустрэчы валанцёраў і супрацоўнікаў дабрачынных арганізацый, якая ў гэтыя дні праходзіць у Рыме ў рамках Юбілею Міласэрнасці. У святой Імшы прынялі ўдзел больш за 100 тыс. вернікаў з розных краін свету. Абвяшчэнне Маці Тэрэзы святой яны віталі гучнымі і працяглымі апладысментамі.

У сваёй гаміліі Папа спаслаўся на біблійнае пытанне: «Хто можа зразумець, чаго жадае Пан?» (Мдр 9, 13). «Богу падабаюцца ўсе ўчынкі міласэрнасці, бо ў браце, якому дапамагаем, мы распазнаём аблічча Бога, якога ніхто не можа бачыць. Кожны раз, калі схіліліся над патрэбай братоў, мы далі есці і піць Езусу: апранулі, падтрымалі і адведалі Божага Сына», — сказаў Папа.

Па словах Пантыфіка, «няма альтэрнатывы міласэрнасці: тыя, хто пачынае служыць братам, любяць Бога, нават не ведаючы гэтага». Пан кліча ўсіх сваіх вучняў прысвячаць жыццё служэнню, каб кожны дзень узрасталі ў любові, дадаў Папа.

Звяртаючыся да ўдзельнікаў Юбілею валанцёраў і супрацоўнікаў дабрачынных арганізацый, Пантыфік адзначыў, што іх «хвалебнае служэнне дае голас веры і выяўляе міласэрнасць Айца, які набліжаецца да тых, хто ў патрэбе».

«Як Пан выйшаў мне насустрач і пахіліўся нада мною ў момант патрэбы, таксама і я іду насустрач Яму і пахіляюся над тымі, хто згубіў веру або жыве так, нібыта Бога не існуе, над моладдзю без каштоўнасцяў і ідэалаў, над сем'ямі ў крызісе, над хворымі і зняволенымі, над бежанцамі і мігрантамі, над слабымі і безабароннымі целам і духам, над непаўналетнімі, пакінутымі самім сабе, а таксама над пажылымі людзьмі, якія засталіся ў адзіноце. Дзе б ні было працягнутай рукі, якая патрабуе дапамогі, каб падняцца, там павінна быць наша прысутнасць і прысутнасць Касцёла, які падтрымлівае і дорыць надзею», — сказаў Папа.

Маці Тэрэза з Калькуты, па словах Святога Айца, была «шчодрай даўцай Божай міласэрнасці, становячыся даступнай усім праз сваю адкрытасць і абарону чалавечага жыцця — ненароджанага, пакінутага і адрынутага», праз клопат пра тых, хто быў «пакінуты паміраць на дарожных узбочынах, распазнаючы годнасць, якую Бог ім даў».

Папа нагадаў, што Маці Тэрэза ўзвышала голас перад моцнымі гэтага свету, каб прызналі сваю віну за «злачынства беднасці» створанае імі. «Міласэрнасць была для яе "соллю", што надавала смак усім яе справам, і "святлом", якое асвятляла цемру тых, у каго не засталося нават слязінкі, каб аплакваць сваю беднасць і пакуты», — сказаў Святы Айцец.

«Яе місія на перыферыях гарадоў і існавання застанецца ў нашых сэрцах, як красамоўнае сведчанне блізкасці Бога да найбяднейшых з бедных. Сёння ўручаю гэту эмблематычную постаць жанчыны і кансэкраванай асобы ўсяму свету валантарыяту: няхай яна будзе вашым прыкладам святасці! Гэтая нястомная слуга міласэрнасці няхай дапаможа нам усё больш разумець, што адзіным крытэрыем дзейнасці з'яўляецца бескарыслівая любоў, свабодная ад усялякіх ідэалогій і абмежаванняў, скіраваная на ўсіх, незалежна ад іх мовы, культуры, расы ці рэлігіі», — адзначыў Папа.

Напрыканцы гаміліі Пантыфік нагадаў словы, якія Маці Тэрэза любіла казаць адносна свайго служэння бедным: «Магчыма, я не ведаю іх мовы, але магу ўсміхацца». «Будзем несці ў сэрцы яе ўсмешку і адорваць ёю тых, каго сустракаем на нашым шляху, асабліва пакутуючых. Такім чынам адкрыем перспектывы радасці і надзеі для мноства людзей, прыгнечаных або патрабуючых разумення і чуласці», — сказаў Папа.

Беларуская рэдакцыя Ватыканскага радыё (АлГ)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.