Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Папа да харчовых структур ААН: прыклад Маці Тэрэзы натхняе ў барацьбе з голадам
Святы Айцец
07.09.2016 10:42

Папа Францішак выказаў пажаданне, каб прыклад Маці Тэрэзы служыў натхненнем у барацьбе з голадам і беднасцю ў свеце. З такімі словамі Пантыфік звярнуўся да кіраўніка Харчовай і сельскагаспадарчай арганізацыі Аб’яднаных Нацый (ФАО) Жазэ Грацыяна да Сілвы і выканаўчага дырэктара Сусветнай харчовай праграмы Эртарын Кузін.

Кароткая размова паміж імі адбылася пасля кананізацыі Маці Тэрэзы з Калькуты 4 верасня на плошчы св. Пятра ў Ватыкане.

«Папа Францішак заклікаў працягваць нашу карысную працу і як гарачы прыхільнік барацьбы з голадам і недаяданнем падкрэсліў сваю поўную гатоўнасць дапамагаць», — прыводзіць словы Грацыяна да Сілвы прэс-служба ФАО.  

У сваю чаргу Эртарын Кузін заўважыла, што Святы Айцец «амаль ва ўсіх сваіх прамовах заклікае накарміць галодных». «Яго голас спрыяе таму, каб свет даў прыярытэтнае месца глабальнаму выкліку голаду і недаядання», — падкрэсліла дырэктар Сусветнай харчовай праграмы.

Сустракаючыся з членамі ФАО ў чэрвені 2015 г., Папа заклікаў іх змагацца з голадам, не маючы перад сабой ніякіх іншых мэтаў. Пантыфік казаў таксама пра важнасць «змены стылю жыцця», барацьбы з кліматычнымі зменамі і фінансавай спекуляцыяй, а краіны, урады і арганізацыі заклікаў не «дэлегіраваць» адказнасць за вырашэнне праблемы голаду іншым.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё
(VGr)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.