Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Прадстаўлены каляндар цэлебрацый Папы на верасень-лістапад
Святы Айцец
08.09.2016 13:47

На працягу бліжэйшых трох месяцаў Папа Францішак здзейсніць некалькі Апостальскіх падарожжаў, кананізуе сем благаслаўлёных і правядзе апошнія сустрэчы ў рамках Юбілейнага Годa Міласэрнасці.

25 верасня Пантыфік узначаліць на плошчы св. Пятра Эўхарыстыю з нагоды Юбілею катэхетаў. З 30 верасня па 2 кастрычніка Святы Айцец наведае дзве каўказскія краіны: Грузію і Азербайджан.

Яшчэ адна цэлебрацыя ў рамках Года Міласэрнасці пройдзе 9 кастрычніка. У ёй прымуць удзел асобы, якія асаблівым чынам падзяляюць марыйную духоўнасць.

16 кастрычніка ў Ватыкане Папа здзейсніць кананізацыю айца Саламона Леклерка, мучаніка эпохі Французскай рэвалюцыі; Хасэ Санчаса дэль Рыа, 15-гадовага юнака, які прыняў мучаніцкую смерць падчас антыкаталіцкага пераследу першай паловы ХХ ст. у Мексіцы; іспанскага біскупа Мануэля Гансалеса Гарсіі, дбайнага апостала эўхарыстычнага культу; італьянскіх святароў і выхавацеляў кс. Ладавіка Павоні і кс. Альфонса Марыі Фуска; аргенцінскага святара і абаронцы бедных Хасэ Габрыэля Дэль Разарыё Бракера і французскай кармэліткі сястры Элізабэты ад Найсвяцейшай Тройцы.

31 кастрычніка-1 лістапада Святы Айцец прыме ўдзел у мерапрыемствах, звязаных з успамінам 500-годдзя Рэфармацыі, якія пройдуць у шведскіх гарадах Лунд і Мальмё. 4 лістапада ў Ватыкане Папа памоліцца ў інтэнцыі кардыналаў і біскупаў, памерлых на працягу апошняга года.

Тры апошнія цэлебрацыі Пантыфіка ў гэтым літургічным годзе будуць звязаны з Юбілеем Міласэрнасці. 6 лістапада Папа ўзначаліць спецыяльную Эўхарыстыю для вязняў, 13 лістапада — для бяздомных, а 20 лістапада, ва ўрачыстасць Хрыста Валадара Сусвету, — з нагоды закрыцця Года Міласэрнасці.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.