Святы Айцец: «Будаваць мір вакол сябе» |
Святы Айцец |
08.09.2016 14:22 |
«Прасіць у Бога аб “мудрасці”, каб будаваць мір вакол сябе, бо менавіта праз маленькія штодзённыя жэсты ўзнікае магчымасць для дасягнення міру ва ўсім свеце», заклікаў Папа Францішак 8 верасня падчас ранішняй Эўхарыстыі ў Ватыкане – першай пасля перыяду летняга адпачынку. У гаміліі Пантыфік спаслаўся на евангельскае апавяданне (Мц 1, 18-23) пра св. Юзафа, якому ў сне з’явіўся Анёл і сказаў, каб не баяўся прыняць Марыю, бо Яна дасць свету Эмануэля – «Бога з намі», а гэта значыць мір. Папа Францішак адзначыў, што мір – гэта Божы дар, які патрабуе супрацоўніцтва людзей, каб мог узрастаць і пашырацца. «І гэты шлях святых і грэшнікаў кажа нам, што мы павінны прыняць гэты дар міру і зрабіць яго дарогай нашага жыцця, дазволіць яму ўвайсці ў нас, дазволіць яму ўвайсці ў свет. Мір немагчыма будаваць па меры жадання. Мір – гэта дар, але над якім трэба працаваць штодзённа. Таму можам сказаць, што мір – гэта дар, які робіцца рукамі людзей. Гэта мы, людзі, павінны штодзённа рабіць адзін крок у напрамку міру: гэта наша праца. Гэта наша праца з атрыманым дарам», — сказаў Папа. Пантыфік заўважыў, што мір не можа быць пабудаваны на вялікіх міжнародных форумах. Па словах Святога Айца, Евангелле, апавядаючы пра сціплую дзяўчыну, якой была Панна Марыя і горад Бэтлеем, якога нават не было на геаграфічных картах, кажа, што мір узнікае перш за ўсё ў малых рэчах, напрыклад, у сэрцы. «Не дастаткова вялікіх мірных дэманстрацый, вялікіх міжнародных сустрэч, калі затым мір не будуецца ў малых рэчах. Больш за тое, ты можаш казаць пра мір цудоўнымі словамі, можаш праводзіць вялікія канферэнцыі, але калі ў малым, калі ў тваім сэрцы няма міру, калі ў тваёй сям’і няма міру, калі ў тваім раёне няма міру, калі на тваім працоўным месцы няма міру, яго не будзе і ў свеце», — адзначыў Пантыфік. Святы Айцец заклікаў вернікаў глыбока паразважаць аб стане ўласных сэрцаў, аб тым, ці нясуць яны мір у свае сем’і і асяроддзі, і прасіць Бога аб мудрасці будавання міру ў штодзённасці. Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё, (MV) |