Выйшла кніга-інтэрв’ю «Бэнэдыкт XVI. Апошнія размовы» |
Святы Айцец |
09.09.2016 13:05 |
Сваю кнігу «Бэнэдыкт XVI. Апошнія размовы» вядомы нямецкі публіцыст Пэтэр Зэевальд называе тэстамэнтам Пантыфіка на пенсіі. З гэтых размоў можна даведацца пра тое, чаму Бэнэдыкт XVI вырашыў сысці з пасады Святога Айца, пра яго наступніка Папу Францішка, пра будучыню Касцёла і шмат іншых невядомых падрабязнасцяў са свайго прыватнага і публічнага жыцця. «Я хацеў бы сваёй кнігай-інтэрв’ю прычыніцца да таго, каб вялікая справа нашага Папы Бэнэдыкта XVI не была забыта», — адзначыў у інтэрв’ю KAI суразмоўца Пантыфіка. Кніга-інтэрв’ю ўбачыла свет 8 верасня адразу на некалькіх мовах, у тым ліку на польскай.
Кніга паказвае Бэнэдыкта XVI, якога займалі перш за ўсё дзве тэмы: праўда і любоў, пры гэтым для яго не існуе любові без праўды і праўды без любові. Любоў з’яўляецца цэнтральным словам тэалагічнай думкі яго духоўнага настаўніка — св. Аўгустына, якога не без прычыны называюць «геніем сэрца». «Быць любімым і адорваць іншых любоўю я заўсёды лічыў асновай жыцця — каб можна было прыняць сябе і іншых. Урэшце, для мяне станавілася ўсё больш відавочным, што сам Бог — гэта не толькі ўладар і далёкая моц, але і любоў; і мяне Ён любіць, бо гэта Ён надае кірунак майму жыццю, праз сілу, якая называецца Любоў», — прызнаецца Бэнэдыкт XVI.
У інтэрв’ю Пантыфік на пенсіі падкрэслівае, што Касцёлу важна заставацца знакам супраціўлення, важна паказваць, што хрысціянства звязана з паставай, далёкай ад матэрыялістычнага светапогляду. На думку Бэнэдыкта XVI, Касцёлу патрэбна ўнутранае аднаўленне, не ў сэнсе рэстаўрацыі, але хрысціянскага рэнесансу, адкрыцця нанова прыгажосці, свабоды і радасці, якія сыходзяць ад веры. Балючыя моманты Папа ўзгадвае пра «недавер», які ён адчуў на канклаве ў 2005 годзе, калі зразумеў, што выбралі яго. І дадае, што вырашыў узяць імя Бэнэдыкт XVI, а не Ян Павел ІІІ, яднаючы свой пантыфікат з Бэнэдыктам XV, які назваў Першую сусветную вайну «непатрэбнай справай». У кнізе прыводзяцца аповеды Папы пра барацьбу з педафіліяй і пра цяжкасці, з якімі ён сустракаўся як Пантыфік, калі выступаў супраць «бруду ў Касцёле». Бэнэдыкт XVI адзначае, што яму не хапала катэгарычнасці ў кіраванні. Папа на пенсіі таксама з самакрытыкай ставіцца да спрэчнай ацэнкі яго Пантыфікату і прызнае, што мусіў зразумець: велізарнае заданне рэформы папства, а асабліва Ватыкана, далёка перавышае яго сілы. Бэнэдыкт XVI адкрыта кажа і пра іншыя дыскусійныя справы, сярод якіх афёра Ватылікс, калі ў свет прасачылася канфідэнцыйная інфармацыя з папскіх апартаментаў. Папа на пенсіі кажа пра ўнутраныя сумненні адносна ўплыву яго рашэння пакінуць пасад Святога Айца на будучыню папства і яшчэ раз абвяргае тое, нібыта на яго націскалі ў гэтай спаве. Узгадвае, як сачыў у Кастэль Гандольфа за тэлетрансляцыяй канклава, як углядаўся ў дым над Сікстынскай капэлай, а таксама як здзівіла яго абранне менавіта кардынала Берголіо, у той час як ён думаў пра іншых кандыдатаў. Але неспадзяванай была і радасць, калі ўбачыў, як новы Папа моліцца і камунікуе з натоўпам. Бэнэдыкт XVI дзеліцца сваімі назіраннямі адносна Францішка як чалавека і Папы, пры гэтым адкрыта кажучы пра тое, што яго яднае і што розніць з сённяшнім Пантыфікам.
Дадзеная кніга з’яўляецца таксама аўтабіяграфіяй Ёзафа Ратцынгера, які апавядае пра сваё дзяцінства ў Германіі ў часы панавання Гітлера і ўзгадвае, што пад прымусам вымушаны быў уступіць у шэрагі Hitlerjugend. Кажа таксама пра распазнанне святарскага паклікання і пра зняволенне ў амерыканскім лагеры каля Ульма ў канцы Другой сусветнай вайны. У інтэрв’ю ўзгадваюцца малавядомыя фрагменты з жыцця Папы Ратцынгера, між іншым, пра геніяльнага студэнта, які ў 23 гады вывучаў св. Аўгустына, пра маладога прафесара, які падчас адпачынку на сваёй малой радзіме цэлебраваў літургіі ў турме. З кнігі мы даведаемся, што Ратцынгер заўсёды супраціўляўся ўсялякім функцыям, якія не былі звязаны з яго навуковай дзейнасцю. Ён не хацеў біскупскай намінацыі, не хацеў працаваць у Рыме, супраціўляўся пакліканню на Сталіцу Пятра. Усе гэтыя функцыі не адпавядалі яму, хоць праз іх бачны таксама яго жыццёвы лёс і пакорнае прыняцце волі Бога. Бэнэдыкт XVI кажа і пра моцную сувязь, якая яднала яго з Янам Паўлам ІІ. Ратцынгер часта прасіў Вялікага Папу звольніць яго з абавязкаў, але Папа-паляк заўсёды адмаўляў. У кнізе знойдуцца таксама разважанні пра смерць і прызнанне Пантыфіка на пенсіі, што ён адчувае сябе слабым перад яе абліччам. Размовы з Бэнэдыктам XVI — як праца над яго біяграфіяй — вяліся да і пасля яго сыходу ў адстаўку. Папа на пенсіі аўтарызаваў тэкст і даў згоду на яго публікацыю. |