Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Святы Айцец: «Кляштары — багацце для чалавецтва»
Святы Айцец
09.09.2016 15:50

«Кляштары павінны быць аазісамі духоўнасці для Касцёла і свету», — падкрэсліў Папа Францішак падчас аўдыенцыі для ўдзельнікаў Міжнароднага кангрэсу бэнэдыктынскіх абатаў, якая прайшла 8 верасня ў Ватыкане.

Па словах Пантыфіка, сучасны свет «усё ясней дэманструе, што мае патрэбу ў міласэрнасці», якая выяўляецца не ў «слоганах ці рэцэптах», а ва ўвазе да самых патрабуючых і салідарнасці з імі.

«Менавіта дзейсная любоў дэманструе сапраўднасць і пераканаўчасць паслання, якое Касцёл абвяшчае», — заўважыў Святы Айцец.

«У гэты час і ў гэтым Касцёле, пакліканым звярнуць увагу на самае важнае, манахі і манахіні, згодна са сваім пакліканнем, маюць асаблівы дар і асаблівую адказнасць: падтрымліваць жывымі аазісы духу, дзе пастыры і вернікі могуць чэрпаць з крыніц Божай міласэрнасці», — сказаў Папа.

Па словах Святога Айца, бэнэдыктынскі дэвіз «ora et labora» (маліся і працуй) сёння з’яўляецца як ніколі актуальным і «вучыць знаходзіць раўнавагу паміж імкненнем да Абсалюту і выкананнем штодзённых абавязкаў».

Папа Францішак адзначыў, што кляштарная адасобленасць ад свету з’яўляецца багаццем для чалавецтва, спрагнёнага па Богу. «З уласцівай вам гасціннасцю вы можаце сустракаць найбольш згубленыя і далёкія сэрцы тых, хто знаходзіцца ў стане цяжкай чалавечай і духоўнай галечы», — дадаў Папа.

Святы Айцец заклікаў манахаў не трапляць у роспач па прычыне памяншэння колькасці членаў супольнасцяў ці іх старэння.

«Важна сведчыць аб вернасці харызматам і мець адвагу для заснавання новых супольнасцяў, нават у самых складаных краінах», — сказаў Папа і дадаў, што свет патрабуе людзей, якія штодзённа насычаюцца Божым словам, з годнасцю цэлебруюць літургію, працуюць з радасцю і ў гармоніі са стварэннем.

Міжнародны кангрэс бэнэдыктынскіх абатаў праходзіць у Рыме 3-16 верасня. Удзельнікі форуму прадстаўляюць амаль 7 тыс. бэнэдыктынскіх манахаў, што працуюць ва ўсім свеце. Колькасць манахінь, якія падзяляюць духоўнасць св. Бэнэдыкта, амаль у два разы большая.

Члены гэтай манаскай супольнасці, акрамя сузірання і малітвы, займаюцца выхаваннем моладзі, прыняццем мігрантаў, міжрэлігійным дыялогам, у прыватнасці з будыстамі і мусульманамі.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё,

(MV)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.