Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Пантыфік: «Евангелізаваць — гэта даваць сведчанне»
Святы Айцец
09.09.2016 16:24

«Евангелізацыя здзяйсняецца не толькі словам, але перш за ўсё прыкладам уласнага жыцця», — нагадаў Папа Францішак 9 верасня падчас ранішняй Эўхарыстыі ў ватыканскім Доме св. Марты. У гаміліі Пантыфік распавёў, што значыць даваць сведчанне аб Хрысце.

Спасылаючыся на словы апостала Паўла: «Калі я абвяшчаю Евангелле, то мне няма чым хваліцца, бо абавязак гэты ўскладзены на мяне» (1Кар 9, 16), Святы Айцец заўважыў, што многія хрысціяне, на жаль, успрымаюць евангелізацыйнае служэнне ў якасці «функцыі» ці празелітызму і хваляцца тым, што прывялі ў Касцёл шмат людзей. 

Абвяшчэнне Евангелля, паводле слоў Пантыфіка, не можа быць прычынай для хвалення, бо з’яўляецца абавязкам і павінна спаўняцца, падзяляючы жыццё іншых людзей, суправаджаючы іх на шляху веры, дапамагаючы ім узрастаць у ёй. 

«Мы павінны ўвайсці ў сітуацыю іншага чалавека. Калі ён хворы, наблізіцца да яго, не абцяжарваць яго аргументамі і евангелізаваць праз міласэрнасць, становячыся “ўсім для ўсіх», сказаў Папа.

Святы Айцец узгадаў, што падчас Сусветных дзён моладзі адзін юнак спытаў яго: «Што я павінен сказаць майму блізкаму сябру, які з’яўляецца атэістам?»

«Гэта цудоўнае пытанне! Нам усім знаёмы далёкія ад Касцёла людзі: што мы павінны казаць ім? І я адкажу: “Паслухай, апошняе, што ты павінен зрабіць, — гэта сказаць штосьці! Пачні дзейнічаць, і ён убачыць твае ўчынкі і сам спытае. А калі спытае — паразмаўляй з ім. Евангелізаваць — гэта значыць даваць сведчанне», — адзначыў Папа. 

Пантыфік паставіў у прыклад св. Пятра Клявэра, святара і місіянера, які прапаведваў Евангелле праз ахвярнае служэнне самым адрынутым людзям сваёй эпохі: чорнаскурым рабам, якіх прывозілі на продаж у Паўднёвую Амерыку.

«Гэты чалавек не рабіў прагулкі, кажучы, што евангелізуе. Ён не зводзіў евангелізацыю да выканання функцыі і тым больш да празелітызму. Ён абвяшчаў Езуса Хрыста жэстамі, размаўляючы з рабамі, жывучы з імі і як яны! Такіх, як ён, шмат у Касцёле! Шмат тых, хто адмаўляецца ад сябе дзеля абвяшчэння Езуса Хрыста. Усе мы, браты і сёстры, абавязаны евангелізаваць. Не стукаць у дзверы суседзяў, кажучы: “Хрыстус уваскрос!”, а жыць верай, казаць пра яе з пакорай, любоўю, не жадаючы нікога пераканаць, а бескарысліва», — сказаў Папа.

Напрыканцы гаміліі Пантыфік нагадаў, што вера атрымліваецца ад Бога ў дар і як дар павінна перадавацца. Менавіта гэта, па словах Святога Айца, называецца евангелізацыяй.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё,

(MV)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.