Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Пантыфік: «Падзелы ў Касцёле не пашыраюць Божага Валадарства»
Святы Айцец
12.09.2016 14:47

Святы Айцец заклікаў маліцца аб еднасці Касцёла перад абліччам нападаў д’ябла, які намагаецца раздзяліць хрысціян, удараючы ў самы корань адзінства — эўхарыстычную цэлебрацыю.

Падчас ранішняй святой Імшы ў Ватыкане 12 верасня Пантыфік спаслаўся на словы апостала Паўла (1Кар 11, 17-26. 33), які заклікаў карынцянаў, каб Эўхарыстыя была для іх сакрамэнтам братэрскай любові, а не крыніцай разладу і падзелаў.

Папа Францішак нагадаў, што д’ябал выкарыстоўвае дзве магутныя зброі для таго, каб знішчыць Касцёл: падзелы і грошы.

«На працягу ўсёй гісторыі д'ябал імкнецца сеяць ідэалагічныя і тэалагічныя падзелы, зайздрасць і амбіцыі, а калі дасягае сваёй мэты, адыходзіць задаволены. А мы, неразумныя, граем у яго гульню», — з жалем дадаў Пантыфік.

Святы Айцец перакананы, што «падзелы ў Касцёле не дазваляюць пашырацца Божаму Валадарству», не дазваляюць бачыць Пана такім, якім Ён з’яўляецца на самой справе.

«Я прашу вас рабіць усё магчымае, каб не знішчаць Касцёл падзеламі, як ідэалагічнымі, так і выкліканымі сквапнасцю, амбіцыямі і зайздрасцю, і перш за ўсё маліцца і бараніць крыніцу, корань адзінства Касцёла, якім з’яўляецца Цела Хрыста, каб мы штодзённа цэлебравалі Яго ахвяру ў Эўхарыстыі», — сказаў Папа.

У святой Імшы з Пантыфікам прыняў удзел 94-гадовы мексіканскі арцыбіскуп Артура Антоніо Шыманскі Рамірэс. На пачатку сваёй гаміліі Папа Францішак прывітаў яго і нагадаў, што гэты іерарх удзельнічаў у Другім Ватыканскім Саборы. 9 верасня Святы Айцец прымаў яго на прыватнай аўдыенцыі.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё,

(MV)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.