Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Святы Айцец памоліцца за французскага святара, забітага ісламістамі
Святы Айцец
13.09.2016 12:21

Папа Францішак узначаліць св. Імшу ў інтэнцыі забітага ісламістамі французскага святара кс. Жака Амеля.

“Літургія адбудзецца раніцай 14 верасня ў капліцы ватыканскага Дома св. Марты – цяперашняй рэзідэнцыі Пантыфіка, “на знак блізкасці” да сваякоў загінулага святара і ўсёй супольнасці Руана”, - паведаміў кіраўнік Залы Друку Апостальскай Сталіцы Грэг Бёрк.

У св. Імшы прыме ўдзел дэлегацыя з 80 вернікаў з Руанскай дыяцэзіі, якія прыбудуць у Ватыкан у суправаджэнні свайго біскупа Дамініка Лебруна.

Забойства каталіцкага святара адбылося раніцай 26 ліпеня. Двое злачынцаў захапілі закладнікаў у касцёле горада Сэнт-Эцьен-дзю-Руврэ.

У выніку жорсткага нападу 86-гадовы мясцовы пробашч, кс. Жак Амель, загінуў, яшчэ некалькі асоб былі сур’ёзна паранены. Тэрарысты былі нейтралізаваны ў ходзе штурму.

Даведаўшыся аб трагедыі Папа Францішак скіраваў спецыяльную тэлеграму, у якой запэўніў у сваёй духоўнай і малітоўнай блізкасці і ўдзеле ў болю сем’яў, мясцовай парафіі і Руанскай дыяцэзіі. Забойства кс. Амеля было таксама тэмай размовы Святога Айца з Прэзідэнтам Францыі Франсуа Аландам.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё,

(MV)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.