Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Папа Францішак пра крытэрыі працы нунцыяў
Святы Айцец
19.09.2016 12:42

Нунцыі пакліканы быць «слухачамі» сэрца Папы і несці яго «подых» ва ўсе мясцовыя Касцёлы свету, рабіць першы крок, каб здымаць напружанасць, спрыяць паразуменню і прымірэнню, будаваць масты. Гэта адзначыў Пантыфік, прымаючы на аўдыенцыі ў Ватыкане сваіх дыпламатычных прадстаўнікоў, якія сабраліся ў Рыме з нагоды святкавання Юбілею Міласэрнасці. 

Аўдыенцыя прайшла 17 верасня.

«Я штодзённа чытаю, часцей раніцай і вечарам, вашы “паведамленні” з навінамі аб жыцці мясцовых Касцёлаў, аб падзеях у краінах, у якіх вы акрэдытаваны, і аб дэбатах, якімі абцяжарана жыццё міжнароднай супольнасці. За ўсё гэта я вам удзячны! Ведайце, што я вас суправаджаю штодня — часта памятаючы па імені і ў твар — з сяброўскім успамінам і даверлівай малітвай», — прызнаўся Папа Францішак.

Па словах Святога Айца, нунцыям важна пераадолець «бюракратычную логіку», якая можа авалодаць іх працай, «робячы яе закрытай, абыякавай і непразрыстай». Сядзіба нунцыятуры, як адзначыў Пантыфік, — гэта «дом Папы», месца, дзе ўся касцёльная рэальнасць можа «знайсці падтрымку і параду, а грамадскія ўлады кропку апоры». «Пільнуйце, каб вашы нунцыятуры не сталі прытулкам для “сяброў і сяброў сяброў”. Пазбягайце пляткароў і кар’ерыстаў», — заклікаў Святы Айцец.

Гаворачы пра задачу «гарантавання свабоды Касцёла перад абліччам розных формаў улады, якія жадаюць прымусіць змоўкнуць праўду», Пантыфік адзначыў, што «Касцёл будзе свабодным, толькі калі яго структуры змогуць здзяйсняць абвяшчэнне Евангелля ўсім, ва ўсіх месцах, пры ўсіх нагодах, без затрымкі, без адштурхоўвання і без страху».

Святы Айцец заклікаў нунцыяў не сядзець на месцы, чакаючы, што людзі прыйдуць да іх, а самім наведваць дыяцэзіі, каб зразумець «чым жыве Божы народ, аб чым думае і пра што пытаецца». «Будзьце выразам Касцёла, які выходзіць і з’яўляецца палявым шпіталём», — дадаў Пантыфік.

Папа казаў таксама пра фундаментальную ролю нунцыяў у выбары кандыдатаў на біскупскае служэнне, якія павінны быць «сведкамі Уваскрослага», асобамі, якія моляцца, пастырамі, а не князямі і функцыянерамі. Каб знайсці такіх кандыдатаў, трэба, па словах Святога Айца, «зварухнуцца з месца» і пачаць шукаць схаваных «маленькіх Давідаў», якія ёсць.

Трохдзённая сустрэча Апостальскіх Нунцыяў завяршылася аўдыенцыяй з Пантыфікам.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё
(VGr)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.