Чатыры парады ад Папы Францішка, як быць добрым хрысціянінам |
Святы Айцец |
19.09.2016 15:44 |
Трэба ахоўваць святло веры і несці яго далей, не дазваляючы, каб яго засланілі, — сказаў Папа Францішак падчас ранішняй Эўхарыстыі ў Доме св. Марты 19 верасня. У гаміліі Святы Айцец засяродзіўся на словах чытання Евангелля гэтага дня (Лк 8, 16-18), дзе Езус падкрэслівае, што ніхто, запаліўшы свечку, не хавае яе пад начынне. Пантыфік звярнуў увагу і на чытанне з Кнігі Прыпавесцяў, у якім прыводзяцца канкрэтныя парады, як жыць святлом веры. Папа Францішак заўважыў, што святло веры з’яўляецца сапраўдным святлом, лагодным, якое ніколі не гасне. Пантыфік таксама перасцярог ад паставаў, якія могуць захінаць гэтае святло. Па-першае, нельга адкладваць дабро на пазней: «Не адмаўляйся рабіць дабро тым, хто патрабуе, калі маеш для гэтага магчымасць». Другая пастава, якая можа закрываць святло, — гэта выкарыстанне даверу бліжняга: «Не задумвай благога супраць бліжняга свайго, калі ён з даверам сядзіць у цябе». Па-трэцяе, Папа ўказаў на спакусу нястомна спрачацца з кімсьці і заклікаў да прабачэння: «Не спрачайся з чалавекам без прычыны, калі ён не зрабіў табе нічога злога». Па-чацвёртае, Пантыфік заўважыў, што прагненне ўлады і «смакаванне» зайздрасці прыкрывае святло, якім з’яўляецца вера: «Не зайздросць несправядліваму чалавеку і не станавіся ні на адзін шлях ягоны. Бо кожны нягоднік брыдкі для Пана, і з праведнымі сябруе Ён». Кіруючыся гэтымі парадамі, адзначыў Пантыфік, і захоўваючы святло, атрыманае падчас хросту, мы застанемся «сынамі дня». |