Папа Францішак заклікаў да канкрэтных дзеянняў на карысць міру |
Святы Айцец |
21.09.2016 10:31 |
Падчас цырымоніі выступілі Патрыярх Канстанцінопальскі Барталамей І, прадстаўнікі іўдаізму, будызму і ісламу, а таксама бежанка з Сірыі. Звяртаючыся да прысутных, Папа Францішак заўважыў, што Бог патрабуе ад вызнаўцаў рэлігій перамагчы самую вялікую хваробу нашага часу: абыякавасць — вірус, які паралізуе, робіць інэртнымі і неадчувальнымі, закранае рэлігіі і становіцца новай формай ідалапаклонства. Папа нагадаў, што ў многіх краінах людзі «пакутуюць ад войнаў, часта забытых, але якія з’яўляюцца прычынай болю і беднасці». «Яны добра ведаюць, лепш за моцных, што няма ніякай будучыні ў вайне», — дадаў Пантыфік. Па словах Папы, мір, аб якім просяць у Асізі, — гэта не проста пратэст супраць вайны і тым больш не «вынік перамоваў, палітычных кампрамісаў ці эканамічных саступак»: ён паходзіць ад Бога і з’яўляецца плёнам малітвы. Мір не можа ўзнікнуць там, дзе пануе «пустыня пыхлівасці і прыватных інтарэсаў», дзе прыбытку дабіваюцца любым коштам, у тым ліку праз гандаль зброяй, падкрэсліў Святы Айцец. «Сёння мы маліліся не адзін супраць аднаго, як часам і на жаль здаралася ў гісторыі. Без сінкрэтызму і рэлятывізму мы маліліся адзін побач з адным, адзін за аднаго», — адзначыў Святы Айцец і нагадаў, што адрозненні паміж рэлігіямі не павінны станавіцца прычынамі канфліктаў, палемікі або халоднага адчужэння. Папа заклікаў да канкрэтнай дзейнасці на карысць міру, а не «віртуальнага падыходу тых, хто асуджае ўсё і ўсіх за клавіятурай камп’ютара, не адкрываючы вачэй на патрэбы братоў і не пэцкаючы рук дзеля тых, хто знаходзіцца ў патрэбе». Шлях рэлігій, па словах Папы, — гэта наданне прыярытэту пакутуючым; прыняцце на сябе канфліктаў і лячэнне іх знутры. На заканчэнне ўдзельнікі Сусветнага дня малітвы за мір ушанавалі хвілінай маўчанння ўсіх ахвяр войнаў і тэрарызму. |