Папа Францішак выказаў спачуванні Касцёлу ў Мексіцы |
Святы Айцец |
22.09.2016 11:09 |
Святы Айцец глыбока засмучаны навіной пра забойства двух мексіканскіх святароў — кс. Алеха Набора Хіменэса Хуарэса і кс. Хасэ Альфрэда Суарэса-Дэла-Круса. 19 верасня іх целы былі знойдзены каля дарогі недалёка ад горада Поса-Рыка-дэ-Ідальга ў штаце Веракрус, на ўсходзе краіны. За дзень да гэтага яны былі выкрадзены з мясцовага касцёла разам з яшчэ адным чалавекам, які застаўся жывы. Праз Дзяржсакратара кардынала П'етро Параліна Папа Францішак выказаў свае спачуванні біскупу, духавенству і ўсёй касцёльнай супольнасці дыяцэзіі Папантла, да якой належалі загінулыя. У спецыяльнай тэлеграме Пантыфік запэўніў у сваёй малітве аб вечным супакоі для «гэтых пастыраў Хрыста, якія сталі ахвярамі неапраўдальнага насілля». Папа ў чарговы раз рашуча асудзіў усе напады на жыццё і годнасць людзей і заклікаў духавенства і душпастырскіх работнікаў дыяцэзіі «працягваць выконваць касцёльную місію, наследуючы прыклад Езуса, Добрага Пастыра». Паўднёвая Амерыка ўжо сёмы год запар з’яўляецца самым небяспечным кантынентам для прадстаўнікоў Касцёла. З 2000 па 2015 г. тут былі забіты 396 духоўных асобаў, сярод якіх пяць біскупаў. У 2015 г. ад рук злачынцаў тут загінулі сем святароў і адна манахіня. |