Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Папа сустрэўся з сем’ямі ахвяр тэракту ў Ніцы
Святы Айцец
25.09.2016 22:09

На напады д'ябла можна адказваць толькі Божымі ўчынкамі, якімі з’яўляюцца прабачэнне, любоў і павага да бліжняга, сказаў Папа Францішак 24 верасня на сустрэчы з параненымі і сем’ямі загінулых у нядаўнім тэракце ў Ніцы. На аўдыенцыю ў Ватыкан прыбылі каля тысячы чалавек розных нацыянальнасцяў і веравызнанняў.

Пантыфік запэўніў у сваім спачуванні, блізкасці і малітве ўсіх, хто пацярпеў у выніку гэтага злачынства. «Хачу раздзяліць ваш боль, які становіцца яшчэ большым, калі думаю пра дзяцей, а таксама пра цэлыя сем’і, жыццё якіх абарвалася так раптоўна і так драматычна», — сказаў Папа.

Святы Айцец заўважыў, што трагедыя ў Ніцы выклікала значныя жэсты салідарнасці і падтрымкі. Пантыфік падзякаваў усім, хто аказваў дапамогу ахвярам і працягвае падтрымліваць іх сем’і. Асаблівым чынам Папа адзначыў мясцовую каталіцкую супольнасць і асацыяцыю «Alpes-Maritimes Fraternité», у склад якой уваходзяць вызнаўцы розных рэлігіі. Гэта, па словах Святога Айца, з’яўляецца «цудоўным знакам надзеі».

«Устанаўленне шчырага дыялогу і братэрскіх адносін паміж усімі, асабліва паміж тымі, хто вызнае адзінага і міласэрнага Бога, — гэта першасна важнае заданне, якому лідары, як палітычныя, так і рэлігійныя, павінны імкнуцца спрыяць і якое кожны пакліканы спаўняць у сваім асяроддзі. Калі спакуса замкнуцца ў сабе або адказаць на нянавісць нянавісцю, а на насілле яшчэ большым насіллем з’яўляецца вялікай, сапраўднае навяртанне сэрца – неабходнае. Гэта пасланне, якое Евангелле Езуса скіроўвае да ўсіх нас. На напады д'ябла можна адказваць толькі Божымі ўчынкамі, якімі з’яўляюцца прабачэнне, любоў і павага да бліжняга, нават калі ён іншы», — падкрэсліў Папа Францішак.

Тэрарыстычны напад у Ніцы быў здзейснены 14 ліпеня. Грузавы аўтамабіль урэзаўся ў натоўп людзей, пасля чаго вадзіцель адкрыў агонь па прахожых. Ахвярамі злачынства сталі 86 чалавек, яшчэ каля 300 атрымалі раненні.

Таксама 14 верасня Ватыкан наведала дэлегацыя з Руанскай дыяцэзіі, дзе 26 ліпеня тэрарыстамі быў забіты каталіцкі святар кс. Жак Амель. Разам з імі Пантыфік маліўся ў капліцы сваёй ватыканскай рэзідэнцыі.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.