Гэта
архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе
catholic.by
Святы Айцец адрэагаваў на сітуацыю ў Мексіцы |
Святы Айцец
|
25.09.2016 22:31 |
Папа Францішак падтрымаў абаронцаў сям’і ў Мексіцы, а таксама запэўніў у сваёй малітве аб спыненні насілля ў гэтай краіне, ахвярамі якога на працягу некалькіх апошніх дзён сталі прадстаўнікі духавенства.
З адмысловым заклікам Пантыфік звярнуўся 25 верасня перад малітвай «Анёл Панскі» ў Ватыкане. «З вялікай ахвотай далучаюся да біскупаў Мексікі ў падтрымцы дзейнасці Касцёла і грамадзянскай супольнасці на карысць сям’і і жыцця, якія ў гэты час патрабуюць асаблівай душпастырскай і культурнай увагі ва ўсім свеце», – сказаў Папа, спасылаючыся на ініцыятывы супраць легалізацыі на нацыянальным узроўні аднаполых саюзаў. «Акрамя таго, запэўніваю ў маёй малітве за дарагі мексіканскі народ, каб спынілася насілле, ахвярамі якога ў гэтыя дні сталі таксама некаторыя святары», – дадаў Пантыфік.
19 верасня на ўсходзе Мексікі адбылося выкраданне і забойства двух каталіцкіх святароў: кс. Алеха Набора Хіменэса Хуарэса і кс. Хасэ Альфрэда Суарэса-Дэла-Круса. Іх целы са слядамі катаванняў былі знойдзены недалёка ад горада Поса-Рыка-дэ-Ідальга ў штаце Веракрус, у якім яны здзяйснялі служэнне.
23 верасня з’явілася навіна пра выкраданне яшчэ аднаго святара – Хасэ Альфрэда Лапэса Гульена, які працаваў у горадзе Пуруандзіра ў штаце Мічаакан у цэнтральнай частцы краіны. Аб яго лёсе дагэтуль няма інфармацыі.
Паўднёвая Амерыка ўжо сёмы год запар з’яўляецца самым небяспечным кантынентам для прадстаўнікоў Касцёла. З 2000 па 2015 гг. там былі забіты 396 духоўных асобаў, сярод якіх пяць біскупаў. У 2015 г. ад рук злачынцаў там загінулі сем святароў і адна манахіня.
Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё (AG)
|
Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на
Catholic.By абавязкова.