Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Візіт Папы Францішка на Каўказ будзе мець экуменічна-міжрэлігійны характар
Святы Айцец
27.09.2016 13:43

Візіт міру з экуменічным і міжрэлігійным акцэнтам — так кіраўнік Залы Друку Апостальскай Сталіцы Грэг Бёрк акрэсліў падарожжа Святога Айца ў Грузію і Азербайджан, якое пачнецца 30 верасня і працягнецца тры дні.

Падчас брыфінгу з журналістамі, які адбыўся 26 верасня ў Ватыкане, кіраўнік Залы Друку распавёў пра некаторыя падрабязнасці пілігрымкі Папы на Каўказ.

Прадстаўнік Апостальскай Сталіцы адзначыў, што ўсе свае звароты, якіх будзе дзесяць, Пантыфік прамовіць на італьянскай мове, а па дарозе з Баку ў Рым правядзе традыцыйную прэс-канферэнцыю на борце самалёта.

Падарожжа ў Грузію і Азербайджан стане шаснаццатым візітам Папы Францішка за межы Італіі. Яго лейтматывам будзе тэма міру. «Папа прынясе пасланне прымірэння для ўсяго рэгіёну», — падкрэсліў кіраўнік Залы Друку.

Гаворачы пра экуменічны характар візіту ў Грузію, Грэг Бёрк заўважыў, што ў аэрапорце Тбілісі, акрамя прадстаўнікоў улады, Святога Айца будзе сустракаць таксама Каталікос-Патрыярх усяе Грузіі Ілья ІІ.

Папа наведае Патрыяршы палац і кафедральны патрыяршы храм Грузінскай Праваслаўнай Царквы Свеціцховэлі ў старажытным горадзе Мцхета, які на працягу тысячагоддзя з’яўляўся галоўным саборам усёй Грузіі. Падчас сустрэчы з мясцовай супольнасцю Сіра-Халдэйскай Царквы Пантыфік будзе маліцца за сірыйскіх і іракскіх хрысціян.

У Азербайджане дамінуючым будзе міжрэлігійны аспект. У Баку Пантыфік наведае мячэць, дзе сустрэнецца з мусульманскім шэйхам Каўказа. У праграме візіту таксама сустрэча з кіраўніком мясцовай яўрэйскай супольнасці і праваслаўным епіскапам Баку.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.