Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Пантыфік прыняў дэлегацыю Сусветнага яўрэйскага кангрэса
Святы Айцец
27.09.2016 17:08

Выклік садзейнічання міру ва ўсім свеце і крызіс бежанцаў — некаторыя з пытанняў, якія былі ўзняты падчас сустрэчы Папы Францішка з кіраўніцтвам Сусветнага яўрэйскага кангрэса. Яна адбылася 26 верасня ў папскай рэзідэнцыі ў Доме св. Марты.

На сустрэчы Пантыфік адзначыў, што Еўропа часта замыкаецца ў сабе і забываецца, што ўзбагацілася прысутнасцю эмігрантаў, ёй не хапае крэатыўнасці. Таксама, па словах Святога Айца, наш кантынент перажывае рэзкае скарачэнне колькасці нараджэнняў і праблемы, звязаныя з высокім узроўнем беспрацоўя. «Нам неабходна разгледзець пытанне інтэграцыі, якая з’яўляецца важнай праблемай», — сказаў Папа Францішак. На думку Пантыфіка, людзі, якія здзейснілі тэракты ў Бельгіі, не былі належным чынам інтэграваны ў грамадства.

Папа ў чарговы раз падкрэсліў, што добры хрысціянін не можа быць антысемітам. Святы Айцец запрасіў хрысціян і іўдзеяў да супрацоўніцтва ў барацьбе з насіллем, што існуе ў свеце, каб зрабіць планету больш бяспечнай. У сувязі з надыходзячым Новым годам па яўрэйскім календары — Рош ха-Шана — Папа Францішак пажадаў гэтаму народу ўсяго найлепшага.

Старшыня Сусветнага яўрэйскага кангрэса Рональд Лаудэр падкрэсліў, што яўрэі на працягу ўсёй сваёй гісторыі мелі досвед таго, як быць эмігрантамі, і таму добра разумеюць сітуацыю сённяшніх уцекачоў і перасяленцаў. Яны таксама хочуць жыць у спакоі і моляцца за мір. Прадстаўнік яўрэйскай супольнасці падзякаваў Святому Айцу за яго нядаўні візіт у былы нацысцкі канцлагер «Аўшвіц» і за рашэнне, каб ён праходзіў у поўным маўчанні.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.