Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Папа да грузінскіх палітыкаў: Працягваць захапляльны і вызваляючы шлях будавання міру
Святы Айцец
30.09.2016 23:00

30 верасня ў межах свайго падарожжа ў Грузію Папа Францішак здзейсніў візіт ветлівасці да Прэзідэнта краіны і сустрэўся з прадстаўнікамі дзяржаўных уладаў, грамадзянскай супольнасці і дыпламатычнага корпуса.

Кіраўнік дзяржавы Георгій Маргвелашвілі сустрэў Пантыфіка пры ўваходзе ў прэзідэнцкі палац і суправадзіў у Прэзідэнцкую залу, дзе адбылася іх прыватная размова.

Пасля яе Папа правёў сустрэчу з палітыкамі, грамадскімі дзеячамі і дыпламатамі, агульнай колькасцю 400 чалавек, да якіх звярнуўся з прамовай.

Святы Айцец нагадаў, што Грузія — неад’емная частка еўрапейскай цывілізацыі, а дзякуючы свайму геаграфічнаму размяшчэнню з’яўляецца «натуральным мостам паміж Еўропай і Азіяй», «стыкам, які спрашчае камунікацыю і адносіны паміж народамі».

Папа дадаў, што сёлета Грузія адзначае 25-годдзе незалежнасці, і пажадаў, каб шлях «міру і развіцця працягваўся з салідарнай дзейнасцю ўсіх кампанентаў грамадства на карысць стварэння ўмоваў для стабільнасці, роўнасці і павагі за закону, здольных паспрыяць развіццю і павелічэнню магчымасцяў для ўсіх».

Святы Айцец заўважыў, што неад’емнай умовай сапраўднага і трывалага развіцця з’яўляецца мірнае суіснаванне паміж усімі народамі і дзяржавамі рэгіёну. Яно, па словах Папы, патрабуе ўмацавання ўзаемных пашаны і разумення, «якія не могуць выключаць павагі да суверэнных прэрагатываў ніводнай з краін, у рамках міжнароднага права».

Пантыфік нагадаў, што ў многіх частках свету пануе логіка, «якая ўскладняе захаванне законных адметнасцяў і супярэчнасцяў — якія заўсёды могуць узнікаць — у рамках цывілізаванай канфрантацыі і дыялогу, дзе дамінуе разважлівасць, стрыманасць і адказнасць». «Гэта асабліва патрэбна ў бягучы гістарычны момант, калі існуюць формы гвалтоўнага экстрэмізму, якія маніпулююць і скажаюць прынцыпы цывілізаванага і рэлігійнага характару, каб падпарадкоўваць іх цёмным планам панавання і смерці», — сказаў Папа.

Святы Айцец падкрэсліў, што адметнасці не павінны правакаваць насілле. «Любыя адметнасці этнічнага, моўнага, палітычнага або рэлігійнага характару не павінны выкарыстоўвацца ў якасці падставы для трансфармацыі разыходжанняў у канфлікты, а канфліктаў — у бясконцыя трагедыі. Яны могуць і павінны быць для ўсіх крыніцай узаемнага ўзбагачэння на карысць супольнага дабра», — адзначыў Пантыфік і заклікаў заклікаў палітыкаў мець перад вачыма пакуты людзей, каб рашуча працягваць «цярплівы і складаны», а ў той жа час «захапляльны і вызваляючы шлях» будавання міру.

Папа запэўніў, што Каталіцкі Касцёл, «спрадвеку прысутны ў гэтай краіне», падзяляе радасці і турботы грузінскага народа і жадае зрабіць свой унёсак на карысць дабрабыту і міру Грузіі праз актыўнае супрацоўніцтва з уладамі і грамадзянскай супольнасцю.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.