Пантыфік у Грузіі: Бедныя і слабыя — гэта «цела Хрыста», якое ўсклікае да хрысціян усіх канфесій |
Святы Айцец
|
01.10.2016 21:30 |
Дабрачынныя ініцыятывы з’яўляюцца спелым плодам Касцёла, які служыць, дае надзею і выяўляе міласэрнасць Бога, падкрэсліў Папа Францішак падчас сустрэчы з супрацоўнікамі дабрачынных структур Каталіцкага Касцёла ў Грузіі і асобамі, якім яны аказваюць дапамогу.
Сустрэча прайшла ў межах візіту Пантыфіка ў Грузію 1 кастрычніка на тэрыторыі тбіліскай паліклінікі «Redemptoris Hominis», якая належыць Ордэну рэгулярных клірыкаў служыцеляў хворых – айцам каміліянам. У сустрэчы прынялі ўдзел каля 700 чалавек.
Папа Францішак падзякаваў прадстаўнікам дабрачынных структур за іх працу і падкрэсліў яе экуменічнае вымярэнне. «Ваша дзейнасць – гэта шлях братэрскага супрацоўніцтва паміж хрысціянамі гэтай краіны і паміж вернікамі розных абрадаў. Гэтая сустрэча на знак евангельскай любові з’яўляецца сведчаннем адзінства і спрыяе шляху да еднасці. Заклікаю вас працягваць ісці гэтым патрабавальным і плённым шляхам: бедныя і слабыя – гэта “цела Хрыста”, якое ўсклікае да хрысціян усіх канфесій, падштурхоўваючы дзейнічаць без прыватных інтарэсаў, выключна адказваючы на імпульс Святога Духа», — сказаў Пантыфік.
Святы Айцец таксама прывітаў хворых, старых, пакутуючых і іншых людзей, якім дапамагаюць каталіцкія дабрачынныя структуры. «Мне радасна быць з вамі і падбадзёрыць вас: Бог вас не пакіне ніколі. Ён заўсёды будзе з вамі, з гатоўнасцю выслухаць, даць сілы ў моманты цяжкасцяў. Вы – умілаваныя Езуса, які пажадаў прыпадобніцца да церпячых, прыняўшы на сябе пакуты», — адзначыў Пантыфік.
На заканчэнне сустрэчы Папа ўдзяліў прысутным благаслаўленне і асабіста прывітаў кіраўнікоў дабрачынных структур Каталіцкага Касцёла ў Грузіі.
Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё (AG)
|