Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Пантыфік на Імшы ў Баку: Вера і служэнне — неад’емныя элементы, знітаваныя паміж сабой
Святы Айцец
02.10.2016 14:22

Жыць адкрытай верай у духу служэння бліжнім заклікаў Папа Францішак каталіцкую супольнасць Азербайджана падчас святой Імшы, якую цэлебраваў 2 кастрычніка ў касцёле Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Баку.

У гаміліі Пантыфік звярнуў увагу на два важнейшыя аспекты хрысціянскага жыцця: веру і служэнне.

Святы Айцец заўважыў, што «Бог змяняе свет, перамяняючы нашы сэрцы», таму трэба заўсёды прасіць аб дары веры. Яна, аднак, па словах Пантыфіка, не з’яўляецца магічнай сілай, што сыходзіць з Неба, «талентам», які атрымліваецца аднойчы і назаўсёды, і нават не супер-моцай, якая служыць для вырашэння жыццёвых праблем.

Як падкрэсліў Папа, «вера не павінна блытацца з добрым станам ці адчуваннем», з прабываннем у душэўным спакоі. «Вера — гэта залатая ніць, якая злучае нас з Панам, чыстая радасць ад прабывання і еднасці з Ім. Гэта дар, які каштуе цэлага жыцця, але які прыносіць плён, калі мы выконваем тое, што ад нас патрабуецца», — адзначыў Пантыфік.

Такім патрабаваннем, па словах Святога Айца, з’яўляецца служэнне. Вера і служэнне, як дадаў Пантыфік, — гэта неад’емныя элементы, знітаваныя паміж сабой, як ніткі ўсходняга дывану. Папа пажадаў, каб вернікі здзяйснялі служэнне не час ад часу, але «жылі служачы», праз адарацыю і малітву, адкрытасць і гатоўнасць дапамагаць, канкрэтныя ўчынкі міласэрнасці і гарачую працу на карысць супольнага дабра. Як падкрэсліў Святы Айцец, Пан жадае «зрабіць з кожнага з нас шэдэўр стварэння і гісторыі».

Папа заклікаў азербайджанскіх католікаў не паддавацца спакусе «цёплага сэрца», якое «закрывае ў лянівым жыцці і гасіць полымя любові», паступова вядзе да задавальнення павярхоўным жыццём, якое «становіцца як гарбата, якая была па-сапраўднаму добрай, але астывае і становіцца больш непрыдатнай для піцця».

У той жа час Пантыфік нагадаў пра спакусу «празмернай актыўнасці», якая вядзе да ператварэння служэння са сродка ў мэту, імкненне да прэстыжу, улады і жадання станавіцца вялікімі.

«Камусьці можа здавацца, што Папа губляе час: пераадолеў тысячы кіламетраў, каб сустрэцца з маленькай супольнасцю ў 700 чалавек з двухмільённага насельніцтва краіны, — заўважыў Пантыфік пасля літургіі. — Але Папа ў гэтым наследуе прыклад Святога Духа: таксама і Ён сышоў з неба на маленькую перыферыйную супольнасць, закрытую ў вячэрніку. І гэтай напужанай супольнасці, якая адчувала сябе беднай і пераследаванай, а магчыма, пакінутай на ўзбочыне, Ён даў адвагу, сілу, парэзію, каб ісці наперад і абвяшчаць імя Езуса. І так дзверы гэтай ерузалемскай супольнасці, якія былі зачынены па прычыне страху ці сораму, расчыніліся, і выйшла сіла Духа. Папа губляе час, як губляў яго Святы Дух у той час».

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.