Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Святы Айцец у Азербайджане: Рэлігіі пакліканы спрыяць прымірэнню на Каўказе
Святы Айцец
02.10.2016 22:01

Супрацоўніцтва паміж рэлігіямі дапамагае будаваць лепшыя і мірныя грамадствы, адзначыў Папа Францішак на сустрэчы з рэлігійнымі лідарамі Азербайджана. Сустрэча прайшла 2 кастрычніка ў мячэці Гейдара ў Баку.

У сустрэчы ўдзельнічалі кіраўнік Упраўлення мусульман Каўказа шэйх Аллахшукюр Пашазадэ, з якім Пантыфік меў таксама прыватную размову, праваслаўны епіскап Баку і кіраўнік мясцовай яўрэйскай супольнасці.
 
Па словах Папы, рэлігіі маюць вялікае заданне: суправаджаць людзей у пошуку сэнсу жыцця, дапамагаючы ім разумець, што абмежаваныя магчымасці чалавека і даброты гэтага свету ніколі не павінны абсалютызавацца. Рэлігія, як дадаў Пантыфік, дапамагае чалавеку дасягнуць сваёй мэты і на падабенства компасу ўказвае шлях да дабра і аддаляе ад зла, выконвае адукацыйную функцыю, дапамагаючы чалавеку выцягнуць лепшае з сябе. У сваю чаргу фундаменталізм і насілле з’яўляюцца далёкімі ад жывога Бога, заўважыў Святы Айцец.

Папа заклікаў рэлігійных лідараў спрыяць культуры сустрэчы і міру, не дапускаючы інструменталізацыі рэлігіі для апраўдання канфліктаў і супрацьстаянняў, фундаменталізму, імперыялізму і каланіялізму.

«Пасярод ночы канфліктаў, якую перажываем, няхай рэлігіі будуць зараніцай міру, зернем адраджэння паміж спусташэнняў смерці, няспынным рэхам дыялогу, шляхамі сустрэчы і прымірэння, каб дайсці туды, дзе спробы афіцыйнага пасярэдніцтва, здаецца, не прыносяць вынікаў. Асабліва ў гэтым умілаваным каўказскім рэгіёне, якія я вельмі жадаў наведаць, няхай рэлігіі будуць актыўнымі сродкамі для пераадолення трагедый мінулага і сучасных напружанасцяў», — сказаў Святы Айцец.

«Каштоўнейшыя багацці гэтых краін павінны быць прызнаны і ацэнены: старажытныя і новыя скарбы мудрасці, культуры і рэлігійнасці насельніцтва Каўказа з’яўляюцца важным рэсурсам для будучыні рэгіёну і асабліва для еўрапейскай культуры, каштоўнымі дабротамі, ад якіх мы не можам адмовіцца», — дадаў Пантыфік на заканчэнне сваёй прамовы.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.