Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Папа Францішак: мы з’яўляемся сведкамі сусветнай вайны супраць сужэнства
Святы Айцец
03.10.2016 13:33

Падчас вяртання з Баку, 2 кастрычніка, Святы Айцец Францішак даў прэс-канферэнцыю на борце самалёта. Сярод іншага, прадстаўнікоў СМІ цікавілі пытанні адносна душпастырства гомасексуалістаў і месца разведзеных асобаў у Касцёле.

На пытанне пра душпастырства асобаў з гомасексуальнымі схільнасцямі Пантыфік адзначыў, што як святар, біскуп і Папа ён суправаджаў і будзе суправаджаць гэтых людзей, стараючыся наблізіць іх да Бога. Святы Айцец падкрэсліў, што Езус такіх людзей не адкідвае.

Адначасова Папа асудзіў увядзенне ў школьную праграму гендарнай тэорыі, якая змяняе ментальнасць грамадства. «Гэта сапраўдная ідэалагічная каланізацыя», — сказаў Пантыфік.

Адносна сексуальных меншасцяў Святы Айцец указаў на неабходнасць падрабязнага даследавання кожнага выпадку, прыняцця асобы, спадарожнічання, пазнання і далучэння яе да супольнасці Касцёла. Такія выпадкі, як падкрэсліў Папа, трэба разглядаць заўсёды праз прызму Божай міласэрнасці і праўды, з усцяж адкрытым сэрцам.

Прадстаўнікоў СМІ цікавіла і пытанне пра лёс у Касцёле разведзеных асобаў. Пантыфік адзначыў, што адказы на пытанні па гэтай тэме можна адшукаць у адгартацыі «Amoris laetitia». Па словах Папы, сёння мы з’яўляемся сведкамі сусветнай вайны супраць сужэнства. Праблемы сужэнстваў, як дадаў Святы Айцец, трэба вырашаць праз прызму чатырох крытэрыяў: прымаць параненыя сем’і, суправаджаць іх, разглядаць паасобку кожны выпадак і ўключаць такія сем’і ў жыццё Касцёла.

Паводле КАІ
(VGr)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.