Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Святы Айцец павіншаваў іўдзеяў са святам Рош ха-Шана
Святы Айцец
03.10.2016 17:16

Папа Францішак накіраваў свае віншаванні галоўнаму рабіну Рыма Рыкарда Дзі Сэньі і ўсёй яўрэйскай супольнасці горада з нагоды свята Рош ха-Шана, які ў 2016 г. прыпадае на 3 і 4 кастрычніка і азнамяноўвае сабой надыход Новага года — 5777 па іўдзейскім календары.

Святы Айцец пажадаў, каб Бог «падараваў мір і нястомнае жаданне яго пашыраць». «Няхай у сваёй бясконцай міласэрнасці Ён дорыць надзею і спакой у нашыя дні і ўзмацняе сардэчныя сяброўскія сувязі паміж намі», — гаворыцца ў віншавальным звароце Пантыфіка.

Папа адзначыў, што ў думках яднаецца з яўрэйскай супольнасцю ўсяго свету і прагне, каб гэтае свята стала для іх «прадвеснікам шчодрага благаслаўлення».

Рош ха-Шана адносіцца да аднаго з найбольш важных іўдзейскіх святаў. Новы год распачынаецца ў першы дзень месяца цішрэй (прыпадае звычайна на сярэдзіну верасня — пачатак кастрычніка). Яўрэйскі Новы год святкуецца на працягу двух дзён, якія называюцца «ёом-ха-арыхта» — «адзін доўгі дзень». У гэты час забараняецца любая праца, акрамя прыгатавання ежы. Вернікі прысвячаюць шмат часу чытанню Торы і спецыяльным малітвам пакаяння, аналізуюць свае ўчынкі і шукаюць прымірэння са сваімі блізкімі і знаёмымі.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.