Пантыфік адкрыў форум, прысвечаны веры і спорту |
Святы Айцец |
06.10.2016 11:05 |
Разважаць пра сувязь паміж верай і спортам, каб палепшыць жыццё чалавека: такую мэту паставілі перад сабой арганізатары першай міжнароднай і міжрэлігійнай канферэнцыі, якая распачалася 5 кастрычніка ў Ватыкане. Трохдзённае мерапрыемства адкрыў Папа Францішак у Зале Паўла VI. У канферэнцыі прынялі ўдзел Генеральны сакратар ААН Пан Гі-Мун і прэзідэнт Міжнароднага алімпійскага камітэта Томас Бах. На сустрэчу прыбылі таксама 15 рэлігійных лідараў: усе веравызнанні прызнаюць здольнасць спорту развіваць адмысловую «дыпламатыю» і быць агульнай мовай для ўсяго свету. Форум праходзіць па ініцыятыве Папскай рады па культуры пры садзейнічанні нямецкай кампаніі «Allianz». Прадстаўнікі апошняй заявілі, што яны ганарацца супрацоўніцтвам са Святым Пасадам у гэтай галіне, што цалкам адпавядае імкненню «Allianz» падтрымаць тых, хто жадае жыць з адвагай. Канферэнцыя адзначыць сабой закладку першага каменя ў глабальны рух будаўніцтва мастоў паміж людзьмі і змены іх жыцця. Асаблівая ўвага тут будзе нададзена моладзі. Спорт на ўсіх узроўнях можа знішчаць бар’еры і будаваць масты паміж народамі, рэлігіямі, нацыянальнасцямі; гэтую ролю ён адыгрываў заўсёды, і па гэты дзень злучае нават дзяржавы, якія знаходзяцца па розныя лініі фронту, з’яўляючыся аспектам, які не мае «грамадзянства», заявіў кардынал Джанфранко Равазі, старшыня Папскай рады па культуры і адзін з натхняльнікаў канферэнцыі. «Сапраўнае змаганне ніколі не становіцца вайной!» — дадаў ватыканскі іерарх. |