У «Пятніцу міласэрнасці» Папа наведаў дзяцей-сірот |
Святы Айцец |
15.10.2016 21:47 |
14 кастрычніка ў другой палове дня Папа Францішак у межах «Пятніц міласэрнасці» наведаў «SOS-дзіцячую вёску», размешчаную ў рымскім мікрараёне Бачэа. Місія гэтай сеткі ўстаноў заключаецца ў аказанні дапамогі ўсім дзецям, пазбаўленым бацькоўскай апекі, або тым, якія рызыкуюць яе страціць. Рымская SOS-вёска складаецца з пяці будынкаў, у кожным з іх жывуць шэсць хлопчыкаў і дзяўчынак ва ўзросце да 12 гадоў разам з адказнай асобай — «SOS-маці». Вёска пабудавана такім чынам, каб забяспечыць магчымасць падтрымкі дзяцей у падлеткавым узросце, суправаджаючы іх, як у рэальнай сям’і, праз розныя этапы развіцця і сацыяльнай інтэграцыі. Пакінутыя і асірацелыя дзеці атрымліваюць сям’ю: маму, тату, любоў і бяспеку, а менавіта ўмовы, у якіх яны могуць развівацца. Асаблівы ўпор Цэнтры кладуць на падрыхтоўку дзяцей да самастойнага жыцця. (AG) |