16 кастрычніка падчас урачыстай Імшы на галоўнай ватыканскай плошчы Папа Францішак кананізаваў семярых благаслаўлёных. У Эўхарыстыі ўдзельнічала вялікая колькасць вернікаў, касцёльныя іерархі, прадстаўнікі грамадскага і палітычнага жыцця, у тым ліку Прэзідэнт Аргенціны Маўрысіо Макры.
Новыя святыя — гэта айцец Саламон Леклерк з кангрэгацыі Братоў хрысціянскіх школ, мучанік антыкаталіцкага пераследу эпохі Французскай рэвалюцыі; Хасэ Санчэс дэль Рыа, мексіканскі мучанік часоў рэлігійнага пераследу; Мануэль Гансалес Гарсіа, заснавальнік Эўхарыстычнага саюзу ўзнагароджання і Кангрэгацыі Эўхарыстычных Місіянерак з Назарэта; кс. Людавік Павоні, заснавальнік кангрэгацыі Сыноў Марыі Беззаганна Зачатай; кс. Альфонс Марыя Фуска, заснавальнік Кангрэгацыі Сясцёр св. Яна Хрысціцеля; Хасэ Габрыэль дэль Расарыя Брачэра, аргенцінскі святар, місіянер і сябар бедных, які памёр у 1914 г.; сястра Элізабэта ад Найсвяцейшай Тройцы з Ордэну Кармэлітак Босых.
У гаміліі Папа заўважыў, што біблійныя тэксты, якія прагучалі падчас літургіі слова, уводзяць у тэму малітвы, якая з’яўляецца выклікам для ўсіх сабраных на кананізацыі. Як адзначыў Пантыфік, новыя святыя «дасягнулі сваёй мэты, мелі шчодрае і адданае сэрца дзякуючы малітве: маліліся з усіх сіл, змагаліся і перамаглі».
Папа заклікаў маліцца так, як маліўся Майсей, які быў не толькі чалавекам Божым, але і чалавекам малітвы. «Мы бачым яго сёння ў эпізодзе бітвы з Амалекам, калі стаіць на скале з узнятымі рукамі. Але з часам рукі ацяжэлі з-за стомленасці, ападаюць, і ў такія хвіліны народ зазнаваў паразу. Тады Аарон і Хур пасадзілі Майсея на камень і падтрымлівалі яго ўзнесеныя рукі аж да канчатковай перамогі», — нагадаў Святы Айцец.
Па словах Папы, гэта стыль духоўнага жыцця, якога Касцёл жадае ад нас: не каб выігрываць вайну, але каб перамагаў мір. «У падзеі Майсея знаходзіцца важнае пасланне, што высілак малітвы патрабуе падтрымкі адзін аднаго, каб Пан давёў сваю працу да канца», — сказаў Пантыфік.
Святы Айцец нагадаў Пасланне апостала Паўла да Цімафея, у якім Апостал народаў заклікае свайго вучня, каб «трываў моцна» ў тым, чаму навучыўся і ў што верыць. Па словах Пантыфіка, Цімафей не мог зрабіць гэта сам, бо немагчыма выйграць «бітву» без малітвы, і гэта не спарадычная малітва, а такая, якой вучыць Езус у Евангеллі гэтага дня: «заўсёды маліцца і не падаць духам» (Лк 18, 1). Гэта хрысціянскі спосаб дзеяння: трываць моцна ў малітве, каб цвёрда стаяць у веры і сведчанні, дадаў Папа. Святы Айцец падкрэсліў, што ў гэтым вернікі не адны, бо з’яўляюцца часткай Цела, якім ёсць Касцёл. «Толькі ў Касцёле і праз малітву Касцёла мы можам устойліва трымацца ў веры і сведчанні», — адзначыў Пантыфік.
Папа нагадаў абяцанне Езуса: «ці ж Бог не абароніць выбраных сваіх, якія просяць Яго дзень і ноч?» (Лк 18, 7). Гэта, патлумачыў Пантыфік, таямніца малітвы: прасіць, не стамляцца, а калі ты змучыўся, прасі дапамогі, каб трымаць рукі ўзнятымі ўгару; гэта малітва, якую аб'явіў Езус і даў нам у Духу Святым. «Малітва — гэта не ўцёк у ідэальны свет, не ўцёк у ілжывы эгаістычны спакой. Наадварот, малітва — гэта змаганне, дазвол, каб і Дух Святы маліўся ў нас. А Дух Святы вучыць нас маліцца, Ён робіць тое, што мы молімся, як дзеці», — сказаў Пантыфік.
«Святыя — гэта людзі, якія глыбока ўваходзілі ў таямніцу малітвы. Мужчыны і жанчыны, якія змагаліся, абапіраючыся на малітву, дазвалялі, каб маліўся і змагаўся ў іх Дух Святы. Змагаліся аж да канца з усіх сваіх сіл, і яны перамагалі, але не самі: Пан перамагаў у іх і разам з імі. Таксама гэтыя сямёра сведкаў, якія сёння былі кананізаваны, вялі добрую барацьбу веры і любові з малітвай. Няхай праз іх прыклад і заступніцтва Бог дасць і нам быць людзьмі малітвы», — сказаў Папа.
Пантыфік заклікаў вернікаў маліцца ўдзень і ўначы, дазволіць Святому Духу маліцца ў іх і, молячыся, падтрымліваць адзін аднаго, пакуль не пераможа Божая міласэрнасць.
Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё (AG)
|