Папа Рымскі ў маі 2017 года наведае cанктуарый у Фаціме |
Святы Айцец
|
18.10.2016 11:24 |
Пра гэта паведаміў Дзяржсакратар Ватыкана кардынал П’етро Паралін падчас візіту ў санктуарый у Фаціме з нагоды 99-годдзя аб’яўлення тут Панны Марыі.
Іерарх прыняў удзел ва ўрачыстасцях, якія завяршыліся 13 кастрычніка, у якасці спецыяльнага пасланніка Святога Айца.
У сваіх гаміліях кардынал Паралін заклікаў вернікаў шукаць унутраную цішыню, святасць і Хрыстовы крыж. Іерарх заўважыў, што сучасны свет дае чалавеку велізарны паток інфармацыі, што перашкаджае ў пошуку ўнутранай цішыні, якая вядзе да Бога.
«Сучасная культура ўсё мацней заахвочвае нас да спажывання інфармацыі. У той жа час мы тэрмінова патрабуем паяднання са святасцю, бо без яе з’яўляемся мёртвымі камянямі», — сказаў бліжэйшы супрацоўнік Святога Айца. Кардынал таксама звярнуў увагу на значэнне Хрыстовага крыжа ў жыцці чалавека, дадаўшы, што вернікі павінны навучыцца трываць пры крыжы. «Святасць — гэта брама, праз якую ўваходзім у свет міласэрнасці, самым сапраўдным і ў той жа час абуральным вобразам з’яўляецца крыж», — сказаў іерарх.
Паводле партугальскай паліцыі, у будучай пілігрымцы Папы Францішка ў Фаціму, якая адбудзецца ў кантэксце 100-годдзя марыйных аб’яўленняў, чакаецца ўдзел больш за мільёна вернікаў.
Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё (IL)
|