Сталі вядомыя дэталі візіту Пантыфіка ў Швецыю |
Святы Айцец |
24.10.2016 16:21 |
Застаецца некалькі дзён да пачатку двухдзённага Апостальскага падарожжа Папы Францішка ў Швецыю. Яно будзе праходзіць з 31 кастрычніка па 1 лістапада. Гэта будзе 26-я краіна, якую наведае Папа Францішак, і 17-е падарожжа за межы Італіі. Пілігрымка стане вынікам дыялогу паміж Папскай радай спрыяння хрысціянскаму адзінству і Сусветнай лютэранскай федэрацыяй. Візіт Святога Айца будзе прымеркаваны да 500-годдзя Рэфармацыі. Узгадаць гэту дату было вырашана ў Швецыі, бо менавіта тут, у горадзе Лунд, у 1947 г. была заснавана Сусветная лютэранская фэдэрацыя — структура, якая каардынуе дзейнасць розных Лютэранскіх Цэркваў у 78 краінах свету. Пасля сустрэчы з прэм’ер-міністрам Швецыі ў аэрапорце горада Мальмё Пантыфік наведае каралеўскую сям’ю. Улічваючы кароткі тэрмін падарожжа, некаторыя «пратакольныя» мерапрыемствы былі выключаны з яго праграмы. Напрыклад, падчас сустрэчы з сям’ёй манархаў не будзе цырымоніі абмену падарункамі. Падарунак Пантыфіка — выдадзеная з нагоды Юбілейнага Года Міласэрнасці гравюра — была адпраўлена па пошце ў каралеўскі палац. Праграма візіту мае тры галоўныя пункты: Папа паўдзельнічае ў экуменічнай малітве ў лютэранскім катэдральным саборы ў Лундзе, прыме ўдзел у экуменічным мерапрыемстве на тэрыторыі спартыўнага комплекса ў Мальмё, узначаліць святую Імшу ў мясцовым каталіцкім касцёле. Адпаведна прадугледжаны тры прамовы Пантыфіка: яны прагучаць на іспанскай мове з перакладам на англійскую і шведскую. Адлегласць паміж Лундам і Мальмё складае каля 30 км. Папа пераадолее іх на аўтобусе разам са старшынёй Сусветнай лютэранскай федэрацыі і іншымі членамі афіцыйных дэлегацый Цэркваў. Для перамяшчэння па Мальмё Святы Айцец будзе карыстацца электрамабілем. |