Святы Айцец прыняў хрысціянскіх лідараў Паўднёвага Судана |
Святы Айцец |
28.10.2016 10:18 |
27 кастрычніка ў Ватыкане Папа Францішак прыняў дэлегацыю хрысціянскіх лідараў Паўднёвага Судана: каталіцкага арцыбіскупа Джубы Паўліна Лукуду Лора, кіраўніка Епіскапальнай Царквы ў краіне архіепіскапа Даніэла Дэнг Бул Яка і мадэратара Прэсвітэрыянскай Царквы вялебнага Пітэра Гая Мароў. Падчас сустрэчы было прызнана, што сярод хрысціянскіх Цэркваў Паўднёвага Судана існуе добрае і плённае супрацоўніцтва ў абароне годнасці чалавека і рэалізацыі ініцыятыў для дыялогу і прымірэння. Падкрэслівалася, што фундаментальны досвед прабачэння і прыняцця бліжняга з’яўляецца першым шляхам да пабудовы міру, чалавечага і сацыяльнага развіцця, і тут хрысціянскія Цэрквы пакліканы ў духу супольнасці і еднасці служыць грамадзянам, спрыяючы культуры сустрэчы і абмену. Усе лідары пацвердзілі сваю гатоўнасць працаваць разам, рэагуючы на самыя глыбокія спадзяванні народа, які востра патрабуе бяспечнага жыцця і лепшай будучыні. |