Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Святы Айцец падпісаў каталіцка-лютэранскую дэкларацыю
Святы Айцец
02.11.2016 13:27

«Тое, што нас яднае, большае за тое, што нас дзеліць», — гаворыцца ў сумеснай дэкларацыі, падпісанай Папам Францішкам і кіраўніком Сусветнай лютэранскай федэрацыі епіскапам Мунібам Юнанам.

Цырымонія падпісання дакумента адбылася ў лютэранскім катэдральным саборы Лунда ў Швецыі 31 кастрычніка на завяршэнне экуменічнай малітвы з нагоды 500-годдзя Рэфармацыі.

У дэкларацыі адзначаюцца дасягненні 50-гадовага развіцця дыялогу паміж Каталіцкім Касцёлам і Сусветнай лютэранскай федэрацыяй: пераадоленне супрацьстаяння і паглыбленне ўзаемнага разумення і даверу.

Бакі выразілі занепакоенасць з прычыны парушэння бачнай еднасці Касцёла, канфліктаў і выкарыстання рэлігіі для дасягнення палітычных мэтаў, што мела месца на працягу мінулых 500 гадоў.

«Мы молімся аб аздараўленні нашых ран і нашай памяці, якія перашкаджаюць нашаму ўзаемнаму бачанню. Мы катэгарычна адмаўляемся ад актаў нянавісці і насілля, мінулых і сучасных, асабліва тых, якія здзяйсняліся ў імя рэлігіі. Сёння мы чуем Божы загад: адкласці ўсе канфлікты. Мы прызнаём, што былі вызвалены праз ласку, каб прыйсці да еднасці, да якой нас нястомна кліча Бог», — гаворыцца ў дэкларацыі.

У дакуменце адзначаецца важнасць сумеснага сведчання католікаў і лютэран. Падкрэсліваецца, што еднасці прагне сам Хрыстус. Гаворачы аб магчымасці эўхарыстычнага адзінства, бакі выказалі пажаданне, каб рана падзелу паміж Цэрквамі была аздароўлена, а тэалагічны дыялог адносна гэтага пытання працягваўся.

У дэкларацыі падкрэсліваецца важнасць супрацоўніцтва ў сферы абароны «годнасці і правоў чалавека, асабліва бедных», працы на карысць справядлівасці і адмаўлення ўсіх форм насілля, дапамогі бежанцам, аховы навакольнага асяроддзя.

Католікі і лютэране звярнуліся да прадстаўнікоў іншых хрысціянскіх супольнасцяў, з якімі падтрымліваюць экуменічны дыялог, з просьбай аб малітве і падтрымцы іх імкнення да еднасці.

Беларуская рэдакцыя Ватыканскага радыё

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.