Мусульмане запрасілі Папу Францішка ў Францыю |
Святы Айцец |
04.11.2016 11:17 |
Мусульмане запрасілі Святога Айца на сустрэчу з вызнаўцамі ісламу ў Францыю. Пра гэта паведаміў Ануар Кбібеш, старшыня Рады мусульманскага культу Францыі (CFCM), дэлегацыю ад якой Папа Францішак прыняў 3 лістапада ў Ватыкане. Прадстаўнікі французскага ведамства падзякавалі Пантыфіку за прамовы, у якіх прагучала крытыка атаясамлівання ісламу з насіллем і тэрарызмам. Святы Айцец не аднойчы падкрэсліваў, што нельга казаць пра мусульманскі тэрарызм. «Гэтыя прамовы з’яўляюцца выражэннем мудрасці і адвагі», — падкрэсліў старшыня рады. Дэлегацыя перадала Святому Айцу прывітанне ад французскіх вызнаўцаў ісламу і запрасіла ў Парыж на сустрэчу з французскімі мусульманамі, «якія любяць Папу Францішка». Прысутны на сустрэчы біскуп Мішэль Дзюбо, адказны ў французскім епіскапаце за кантакты з ісламам, указаў на значэнне дадзенай сустрэчы з Пантыфікам, бо ў Францыі «мусульмане ўспрымаюцца як тэрарысты, прыхільнікі вайны», асабліва пасля забойства ісламістамі святара Жака Амеля ў ліпені 2016 года. Іерарх падкрэсліў таксама, што «адна з роляў рэлігійных лідараў заключаецца ў дэсакралізацыі канфліктаў». КАІ, (VGr) |