Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Папа Францішак заклікаў гарантаваць дзецям спакойнае развіццё
Святы Айцец
17.11.2016 12:15

Святы Айцец заклікаў міжнародную супольнасць бараніць дзяцей праз клопат аб іх дабрабыце і стварэнне належных умоў для іх развіцця. Адмысловы зварот прагучаў 16 лістапада падчас агульнай аўдыенцыі ў Ватыкане. Свой заклік Пантыфік прымеркаваў да Сусветнага дня дзіцяці, які будзе адзначацца 20 лістапада.

«Звяртаюся да сумлення ўсіх — структур і сем’яў, каб дзеці былі заўсёды абаронены, а іх дабрабыт забяспечаны, каб яны ніколі не станавіліся ахвярамі рабства, вярбоўкі ва ўзброеныя групы і злоўжыванняў. Заклікаю, каб міжнародная супольнасць уважліва ставілася да іх жыцця, гарантуючы ўсім дзецям права на наведванне школы і атрыманне адукацыі, каб іх развіццё было спакойным, каб яны глядзелі ў будучыню з надзеяй», — заклікаў Папа.

Устанаўленне Сусветнага дня дзіцяці было рэкамендавана Генеральнай Асамблеяй ААН у 1954 г. Пры гэтым за кожнай краінай была пакінута магчымасць самастойна выбраць час і форму яго святкавання. У афіцыйных дакументах ААН гаворыцца аб святкаванні Сусветнага дня дзіцяці 20 лістапада. Менавіта ў гэты дзень ў 1959 г. была прынята Дэкларацыя правоў дзіцяці, а ў 1989 г. — Канвенцыя аб правах дзіцяці. У Беларусі гэты дзень адзначаецца 1 чэрвеня.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё
(VGr)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.