Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Святы Айцец надаў кардынальскую годнасць 17 іерархам
Святы Айцец
21.11.2016 08:56

19 лістапада ў ватыканскай базыліцы св. Пятра прайшоў кансісторый, падчас якога Папа Францішак надаў кардынальскую годнасць прадстаўнікам трынаццаці краін свету: Італіі, Цэнтральнаафрыканскай Рэспублікі, Іспаніі, Бразіліі, ЗША, Бангладэш, Венесуэлы, Бельгіі, Маўрыйкіі, Мексікі, Малайзіі, Албаніі, Папуа-Новай Гвінеі.

Кардынал Себасцьян Кота Хаараі з Лесота не змог прыняць удзел у цырымоніі. Сімвалы кардынальскай годнасці яму будуць перарадзены праз спецыяльнага папскага пасланніка.

На пачатку кансісторыя ад імя новых кардыналаў да Святога Айца звярнуўся кардынал Марыё Дзэнары, Апостальскі Нунцый у Сірыі. Іерарх казаў аб гатоўнасці кардыналаў, выконваючы заклік Пантыфіка, імкнуцца да экзістэнцыйных перыферый чалавецтва, несучы яму святло веры і з радасцю абвяшчаючы Евангелле. Кардынал з удзячнасцю нагадаў аб клопаце Папы пра Паўсюдны Касцёл, а таксама пра намаганні Пантыфіка на карысць бежанцаў, салідарнасці паміж народамі, іх інтэгральным развіцці, супраць войнаў і насілля ў розных частках свету.

Пасля кароткай літургіі слова і гаміліі Пантыфік зачытаў спіс новых кардыналаў. Затым яны здзейснілі вызнанне веры і склалі прысягу вернасці Святому Айцу і яго наступнікам. Папа абвясціў, што трое з новапрызначаных кардыналаў — кардынал Марыё Дзэнары з Італіі, кардынал Кевін Джозэф Фарэл з ЗША і кардынал Эрнэст Сымані з Албаніі — будуць кардыналамі-дыяканамі, а астатнія чатырнаццаць — кардыналамі-прэзбітэрамі.

Кожны з іерархаў падыходзіў да Папы і, становячыся на калені, прымаў сімвалы кардынальскай годнасці: пурпурны берэт, пярсцёнак і булу аб прызначэнні тытулярнага касцёла ці дыяканіі.

На сённяшні дзень Калегія кардыналаў налічвае 228 членаў, з якіх 121 мае права голасу на канклаве.

Самым маладым кардыналам стаў Дзьеданэ Нзапалаінга, арцыбіскуп Бангі, сталіцы Цэнтральнаафрыканскай Рэспублікі, якому 50 гадоў. Найстарэйшым з’яўляецца былы арцыбіскуп Манісалес у Калумбіі — кардынал Хасэ дэ Хесус Пімьента Радрыгес, які нарадзіўся ў 1919 г.

Як сказаў Пантыфік, шматнацыянальнасць групы новых кардыналаў выяўляе ўніверсальнасць Касцёла, які абвяшчае і сведчыць Добрую Навіну ў кожным кутку зямлі. Гэта выяўляе таксама непарыўную сувязь паміж Апостальскай Сталіцай і мясцовымі Касцёламі, раскіданымі па ўсім свеце.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё
(VGr)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.