Папа зацвердзіў тэму наступных Сусветных дзён моладзі |
Святы Айцец |
23.11.2016 09:03 |
Папа Францішак зацвердзіў тэму Сусветных дзён моладзі, якія пройдуць у Панаме ў 2019 г. Гэта будуць словы Найсвяцейшай Панны Марыі з Евангелля паводле Лукі: «Вось я, слуга Пана. Няхай мне станецца паводле твайго слова» (Лк 1, 38). Акрамя таго, Пантыфікам былі зацверджаны тэмы Сусветных дзён моладзі, якія ў бліжэйшыя два гады будуць адзначацца на дыяцэзіяльным узроўні. Яны таксама звязаны з марыйнай тэматыкай: «Вялікае ўчыніў мне Усемагутны» (Лк 1, 49) на 2017 год і «Не бойся, Марыя, бо знайшла Ты ласку ў Пана» (Лк 1, 30) на 2018 год. Яшчэ на заканчэнне Сусветных дзён моладзі ў Кракаве ў 2016 годзе Папа Францішак казаў пра важнасць наследавання прыкладу Маці Божай. У гэтым кантэксце Пантыфік заклікаў юнакоў і дзяўчат памятаць пра мінулае, быць адважнымі ў сучаснасці, а таксама мець надзею на будучыню і быць такой надзеяй для іншых. Падрыхтоўка да Сусветных дзён моладзі ў Панаме ўжо распачалася. Ужо вядома, што часам правядзення форуму будзе не лета, а студзень, люты або сакавік, таму што ў звычайную для яго правядзення пару ў Панаме сезон дажджоў. Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё |